Вялізныя чэргі з легкавых аўтамабіляў працягваюць расці на заездзе ў Польшчу ў Берасці (Тэрэспаль). Кіроўцы ацэньваюць будучае чаканне на двое – чацвёра содняў.
«Трымаюць на мосце проста так»
Паводле Дзяржпамежкамітэту Беларусі, а 12:00 5 лістапада заезду ў Польшчу чакаюць больш за 1300 легкавых машынаў і 43 аўтобусы.
«За содні чарга легкавога транспарту на заезд у Польшчу вырасла на 500 аўтаў. Сумежныя кантрольныя службы пункту пропуску «Тэрэспаль» (Берасце) аформілі 26 % легкавікоў ад нормы», – піша Дзяржпамежкамітэт.
З 10-й раніцы чарга павялічылася прыкладна на 50 машынаў.
У чатах, дзе абмяркоўваюць праходжанне мяжы, кіроўцы пішуць, што ў бок Беларусі пуста, а вось у Польшчу – мост на мяжы цалкам забіты.
Адзін з кіроўцаў распавядае, што зарэгістраваўся ў зоне чакання яшчэ 3 лістапада каля 15:30, а ў Польшчу трапіў толькі 5 лістапада а 10-й раніцы.
,,«Каналы ў палякаў пустыя, трымаюць на мосце проста так», – распавядае ён.
Яшчэ адзін чалавек кажа, што сітуацыя «сумная – палякі вельмі павольна прапускаюць».
Людзі дзеляцца ацэнкамі, што чакаць трэба ад 2 да 4 содняў.
З аўтобусамі сітуацыя лепшая, але таксама трэба доўга чакаць. Тым, хто цікавіцца, колькі часу трэба закладваць на мяжу, адказваюць, што каля содняў, калі не перасаджвацца ў аўтобусы, бліжэйшыя да памежпераходу.
Адной сям'і ўдалося перасесці бліжэй за 100 еўраў на траіх. Такім чынам яны чакалі мінання мяжы амаль 12 гадзінаў.

Раніцай 5 лістапада адзін з карыстальнікаў чату піша, што чарга рухаецца даволі хутка – за гадзіну прыкладна 5 аўтобусаў. Сапраўды, паводле Дзяржпамежкамітэту, з 10-й да 12-й дня чарга скарацілася на 12 аўтобусаў.
Некаторыя пытаюцца ў чаце пра сваякоў – пажылыя бацькі ў чарзе даўно без сувязі. А тыя, хто стаіць у чарзе, распавядаюць, ці бачылі аўтобус, у якім апісаныя людзі маглі ехаць.
Нагрузка на адзіны дзейны пасажырскі памежпераход з Польшчай вырасла пасля таго, як Літва і Латвія абвясцілі ў ліпені, што спыняюць пускаць да сябе аўтамабілі з беларускімі нумарамі. Пазней Літва зрабіла выключэнне для беларусаў – уладальнікаў аўтаў з літоўскай візай або дазволам на жыхарства.
Таксама Літва скараціла колькасць аўтобусных рэйсаў з Беларуссю амаль напалову.
«Калі раней дзеяла 58 дазволаў для аўтобусных перавознікаў, сёння іх засталося 33. А да пачатку 2025 года стане 29», – сказаў DW дырэктар Управы транспартнай бяспекі Літвы Генюс Лукошус.
Акрамя таго, вандроўцы рэгулярна скардзяцца на павольную працу польскіх спецыялістаў на мяжы. Польская памежная служба вясной 2024 года адказвала, што мусіць перакінуць частку персаналу на ахову мяжы праз міграцыйны крызіс.
Фуры таксама стаяць
Тым часам ужо звыклай з'явай сталі і чэргі з вялікімі грузамі. Паводле звестак Дзяржпамежкамітэту, больш за 500 велікагрузаў фіксуецца перад польскім памежным пераходам «Кукурыкі» («Казловічы»).
«Сумежны бок за содні прыняў на сваю тэрыторыю 50 % велікагрузаў ад нормы. Менш за ўсё грузавога транспарту на заезд у ЕЗ аформілі літоўскія кантрольныя службы ў «Мядзінінкай – Каменны Лог») – 14 % аўтаў. Праз Шальчынінкай (Беняконі) за 24 гадзіны ў Літву прайшло 36 % фураў.
Заезду ў Латвію чакаюць больш за 290 грузавікоў. Кантрольныя службы латвійскага памежпераходу Патэрніекі (Грыгораўшчына) прынялі на сваю тэрыторыю 47 % аўтаў», – падсумоўвае Дзяржпамежкамітэт.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Арсен Рудэнка belsat.eu