Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 986 дзён. Колькасць баёў за мінулы дзень пабіла рэкорд з пачатку збору статыстыкі. «Белсат» расказвае, што пішуць пра вайну 5 лістапада.
Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны піша, што за мінулы дзень было зафіксавана 230 баявых сутыкненняў – гэта рэкорд колькасці баёў з пачатку збору такой статыстыкі.
Найбольш расейскіх атак – 84 за дзень – зафіксавалі на курахаўскім напрамку; дзясяткі атак – на купянскім, ліманскім, пакроўскім, урэмаўскім; таксама баі трываюць на харкаўскім, сівэрскім, краматорскім, тарэцкім, арэхаўскім, прыдняпроўскім напрамках. Баі трываюць таксама ў Курскай вобласці Расеі.
Страты Расеі з пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 701,6 тысячы забітымі і цяжка параненымі, сцвярджае Генштаб ЗСУ. Толькі за мінулы дзень Расея страціла 1260 асобаў, 15 танкаў, 43 бронемашыны, 29 артылерыйскіх сістэмаў, 2 сродкі супрацьпаветранай абароны і 41 адзінку аўтамабільнай тэхнікі. У Расеі тым часам наракаюць: кампаніям бракуе 600 тысяч інжынераў.
Расея працягвае наносіць удары па тэрыторыі Украіны, у тым ліку па мірным насельніцтве. За мінулы дзень Паветраныя сілы зафіксавалі запуск 79 ударных беспілотнікаў (збілі 48, 30 «страчаныя», 1 вярнуўся ў Расею; прынамсі 2 праляталі праз Беларусь), 2 кіраваных авіяцыйных ракет Х-59/69 па Адэшчыне (абедзве збілі), атаку 18 кіраванымі авіябомбамі Харкаўшчыны. Агулам зафіксавалі 2640 расейскіх абстрэлаў тэрыторыі Украіны (з іх 95 – з рэактыўных сістэмаў залпавага агню) і 127 артылерыйскіх абстрэлаў Расеяй населеных пунктаў Курскай вобласці, выкарыстанне 763 дронаў-камікадзэ.
У выніку ранішняй атакі па Запарожжы загінулі як мінімум шэсць асобаў, параненыя яшчэ дзевяць. На Харкаўшчыне параненыя аскепкамі шкла дзве жанчыны, на Кіеўшчыне пацярпелых няма.
У вечаровым звароце 4 лістапада прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказаў, што збіраў Стаўку, на якой абмяркоўвалі падвышанае выкарыстанне Расеяй беспілотнікаў тыпу іранскіх «Shahed 136» (за жнівень такіх запусцілі па Украіне больш за 2 тысячы) і кіраваных авіябомбаў. Украіне трэба больш сродкаў супрацьдзеяння гэтаму: мабільных агнявых групаў, «рэальнай практыкі» збівання дронаў іншымі дронамі, іншых неадкладных і стратэгічных захадаў. Украінцы апошнім часам сталі заўважаць новыя прыёмы радыёэлектроннай барацьбы: спачатку GPS «закідваў» іх ажно ў Беларусь – цяпер на тэлефонах пераводзяцца гадзіннікі.
На Стаўцы абмяркоўвалі таксама планы павелічэння вытворчасці ўкраінскай зброі, найперш ракетаў і дронаў; актыўныя дзеянні расейскіх войскаў на Данеччыне і падвышэнне актыўнасці на поўдні Украіны; курскую аперацыю.
Сярод іншага Зяленскі расказаў, што выведка налічыла ў Курскай вобласці Расеі ўжо 11 тысяч вайскоўцаў з Паўночнай Карэі. Як піша «Financial Times», украінскія вайскоўцы ўжо мелі першыя баі з вайскоўцамі з КНДР. Расея аспрэчвае выкарыстанне паўночнакарэйскіх войскаў, але не ўтойвае супрацы з Паўночнай Карэяй: так, 4 лістапада Уладзімір Пуцін прымаў у Крамлі міністарку замежных справаў КНДР. Зяленскі наракаў, што не бачыць рэакцыі партнёраў Украіны на дзеянні КНДР.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у штодзённым аглядзе адзначае, што расейскія войскі прасунуліся па напрамках на Купянск, Крамінную, Пакроўск, Курахава і Вуглядар, а таксама пад Новым Путам у Курскай вобласці, але і ўкраінскія войскі наступалі на Куршчыне. Маніторынгавы праект «Deep State» адзначыў, што расейскія войскі акупавалі сяло Сцяпанаўка, што на поўнач ад Курахава.
Звяртаюць увагу таксама на затрыманне 3 лістапада высокапастаўленага «тылавіка» Расгвардыі – намесніка кіраўніка дэпартаменту тылавога забеспячэння Мірзы Мірзаева, якога абвінавацілі ў атрыманні хабару на больш як 1,4 млн долараў.
ISW таксама спаслаўся на расследаванне праекту «Система» аб «мэтах спецыяльнай ваеннай аперацыі». Пуцін ніколі не канкрэтызаваў мэты нападу на Украіну і абмяжоўваўся абстрактнымі «дэнацыфікацыяй і дэмілітарызацыяй». Але першыя прапановы Расеі аб мірнай дамове з Украінай, здабытыя «Системой», паказваюць, што Расея дамагалася адмовы Украіны ад Крыму, Данецкай і Луганскай вобласцяў (але пры тым фінансавання Украінай аднаўлення Данбасу); амаль поўнага раззбраення Украіны (пакінуць дазвалялі 50 тысяч вайскоўцаў, 300 танкаў, 55 верталётаў і 4 караблі – менш за армію Беларусі) і ізаляцыі ад заходняй дапамогі; надання расейскай мове статусу дзяржаўнай і легалізацыі камуністычнай сімволікі. Такім чынам ISW лічыць пацверджанай здагадку, што Расея патрабавала ад Украіны здачы суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, каб наўмысна праваліць мірныя перамовы.
Расейскія спецслужбы тым часам дзейнічаюць у розных краінах. Расейскія спецслужбы падазраюць не толькі ў арганізацыі інфармацыйнай кампаніі дыскрэдытацыі прэзідэнцкіх выбараў у Малдове, але і ў новых спробах ўмяшання ў выбары ў ЗША. Як піша «The Wall Street Journal», Расею падазраюць таксама ў арганізацыі пажараў у лагістычных цэнтрах у Нямеччыне і Злучаным Каралеўстве, планаванні пажараў і выбухаў на трансатлантычных самалётах, што ляцелі ў Злучаныя Штаты. Тым часам у Івана-Франкоўску асудзілі траіх грамадзянаў Украіны, якія дапамагалі Расеі рыхтаваць удар па івана-франкоўскім аэрадроме, і адна з асуджаных, як сцвярджаецца, была завербаваная ў Беларусі яшчэ ў 2013 годзе.
Украіна тым часам працягвае атрымліваць дапамогу ад замежных партнёраў – часам з вельмі далёкіх краінаў. Так, Канада адправіла Украіне першую зенітна-ракетную сістэму NASAMS, а Аўстралія паабяцала прыслаць 14 хуткасных вайсковых катараў. Ды Украіна па-ранейшаму наракае: партнёры даюць толькі малую частку з абяцанай дапамогі.
Алесь Наваборскі belsat.eu