Украіна не будзе выступаць супраць перамоваў наконт энергетычнай бяспекі з Расеяй праз Катар або любую іншую краіну. Пра гэта паведамляе «Reuters» са спасылкай на кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Андрэя Ермака.
Гаворка ідзе пра ўзаемнае спыненне ўдараў па энергетычнай інфраструктуры. Андрэй Ермак адзначыў, што пакуль такога пагаднення не існуе.
«Мы правялі тэматычныя канферэнцыі – першую ў справе энергетычнай бяспекі, якую арганізаваў Катар, – сказаў Ермак. – Пасля гэтага мы сказалі, што калі Катар або іншая краіна гатовыя рэалізаваць гэтыя дамоўленасці (дасягнутыя на канферэнцыі) праз угоды з Украінай асобна і з Расеяй асобна, калі ласка, зрабіце гэта».
Ермак не ўдакладніў, пра якія менавіта пагадненні можа ісці гаворка, але сказаў, што ніякіх дамоўленасцяў пакуль не дасягнута і што Кіеў не вядзе беспасярэдніх перамоваў з Масквой.
У канцы жніўня канцылярыя прэзідэнта Украіны паведаміла, што каля 40 краінаў прыняло ўдзел у онлайн-канферэнцыі, арганізаванай Катарам. Галоўнай тэмай падзеі было павышэнне бяспекі ўкраінскай энергетычнай сістэмы ад расійскіх удараў.
Онлайн-канферэнцыя адбылася 22 жніўня, неўзабаве пасля таго, як украінскія войскі ўвайшлі ў Курскую вобласць Расеі на пачатку жніўня.
З сакавіка Расея нанесла каля 10 буйных ракетных удараў па ўкраінскай энергасістэме, у выніку Украіна страціла амаль палову сваіх генерацыйных магутнасцяў.
«Абарона аб'ектаў энергетычнай інфраструктуры, іх хуткае аднаўленне і развіццё – адзіны спосаб перадухіліць паглыбленне крызісу», – сказаў Ермак у жніўні.
У кастрычніку газета «Financial Times» паведаміла, што Украіна і Расея былі на ранніх стадыях перамоваў наконт магчымага спынення авіяўдараў па энергетычных аб'ектах адна адной.
Перамовы, як паведамілі крыніцы выдання, былі сарваныя праз тое, што ўкраінскія войскі пачалі ўварванне ў Курскую вобласць Расеі, якая мяжуе з Украінай.
Арсен Рудэнка belsat.eu