А цяпер, спадарства, выбіраемся ў тэатр. Па сутнасці – аднаго актора ці абсурду. На сцэне Аляксандр Лукашэнка. Сваю п’есу называе «Выбары». У якасці дэкарацый – ягоныя спойлеры. Антаганістаў ці канкурэнтаў – нуль.
Без сумневаў, Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўную групу выканаўцы галоўнай ролі – самога ўзурпатара. Таксама кіраўніка праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча – таго самага, які казаў, што «ён не прастытутка», калі здымаў сваю кандыдатуру на мінулых выбарах ды станавіўся даверанай асобай… Лукашэнкі.
Як ён цяпер збіраецца перамагаць, калі казаў пра ўзурпатара: «больш ніхто» не захавае краіны?
Тут бы я дапамог Гайдукевічу радком з песні Сярдзючкі: «Не проститутка я, а просто влюбчивая».
Далучаецца да забавы Аляксандр Хіжняк – старшыня зноў жа праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Яго прыцягнулі ў ЦВК прапагандысты Дзермант і Пятроўскі, якія лямантавалі «Надо!» – у падтрыманне Лукашэнкі. Перадумалі?
У гэтай кампаніі і група галоўнай ідэалагіні Меншчыны ды былой прэсавай сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай. Гэта яна актыўна адмывала крывавы імідж лукашэнкаўскіх сілавікоў, а потым распавядала, як Лукашэнка ўратаваў краіну. І што? Цяпер канкурэнтка «ратаўніку»?
,,Трагедыі ў духу «Караля Ліра» не выйдзе. Бо дзяліць каралеўства бульбяны кароль не збіраецца, а ягоныя спецслужбы не Шэкспір, таму сцэнар напісалі бяспройгрышны і просты. У гэтым тэатры смешна выбарнікам, смешна назіральнікам ды экспертам. Пасміхаецца і сам Лукашэнка. Толькі вось дэкарацыйным удзельнікам крыху не смешна. Але – праца такая.
У панядзелак Цэнтрвыбаркам дадаў да мізансцэны яшчэ крышку аздобаў. Разгледзеў заяўку ініцыятыўнай групы экс-дэпутаткі Ганны Канапацкай, якая некалі крычала, што толькі яна «рэальная канкурэнцыя Лукашэнку» – ды так і засталася статыстычнаю памылкаю з менш як двума адсоткамі. Яна была патрэбная ўладам, каб рабіць гульню ў рэзкага апанента для ўсіх. Такі статыст апазіцыі.
Сяргей Сыранкоў – кіраўнік Камуністычнай партыі Беларусі, вядома ж, уладзе не зашкодзіць. Генерал-маёр Сяргей Бобрыкаў служыў уладзе верна, а цяпер будзе канкураваць?
Яшчэ хацела быць кандыдаткаю былая прадпрымальніца з Магілёва Дзіяна Кавалёва – такі чалавек з народу. Але ёй не хапіла чальцоў ініцыятыўнай групы.
Паспрабаваць хацеў таксама прафесар Віктар Кулеш, але і ён атрымаў адмову.
Вынік – зарэгістравалі сем ініцыятыўных групаў, але рэальнай апазіцыі нават для гульні ў гэтым тэатры няма. Памылкі 2020 года не паўторацца.
Лукашэнка гуляе ў сваю п’есу. Вынікі вядомыя. Я б толькі ўсім гэтым тварам-дэкарацыям у ягоным тэатры нагадаў адну рэч: тыя, хто іграе падстаўку, стол ці тумбачку, так і застануцца гэтымі падстаўкамі, сталамі і тумбачкамі. Глядач выйдзе са спектаклю і нават імя іхнага не ўзгадае.
У гісторыю, дрэнна ці не, увойдзе кароль – няхай і голы. Але змыць з сябе гэты тэатральны пыл будзе вельмі складана. Ён будзе душыць сваім цяжарам. Фініта ля камедыя.
Сяргей Падсасонны belsat.eu