Міністэрства ўнутраных справаў дадало ў «пералік грамадзянаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», яшчэ 24 асобы, у тым ліку Вераніку Цапкалу, Вольгу Карач і Анатоля Котава.
Цяпер у спісе людзей, якіх лукашэнкаўскія ўлады лічаць датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасці, 4618 прозвішчаў.
Акрамя палітычных дзеячаў Веранікі Цапкалы, Вольгі Карач і Анатоля Котава, у спіс дадалі завочна асуджаную праваабаронцу Алену Маслюкову і маці былой палітзняволенай Вольгі Такарчук Ірыну Такарчук.
У спіс звычайна дадаюць людзей, асуджаных у Беларусі за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці». У яго таксама ўваходзяць вядомыя палітвязні, напрыклад, Павел Севярынец, Марыя Калеснікава і Максім Знак.
Праваабаронцы «Вясны» адзначаюць, што за тымі, хто трапіў у спіс, ажыццяўляюць асобны кантроль. Да пагашэння або зняцця судзімасці і цягам пяці гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці ім забараняецца займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсараў, зброі і боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, а таксама педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць вайсковую службу. А Камітэт дзяржаўнага кантролю назірае за фінансамі людзей з гэтага спісу.
Арсен Рудэнка belsat.eu