Лукашэнка даручыў усім падскокваць

Лукашэнка правёў нараду ў пытаннях развіцця сельскай гаспадаркі і там, разважаючы пра якасць беларускіх прадуктаў, заявіў: «…Пакуль мы вось выйшлі на нейкую гарызантальную простую і вышэй скакаць не можам. А трэба будзе скакаць. І гэта галоўная нашая задача і абяцанне беларускаму народу ў гэты перадвыбарчы перыяд…»

Куды яны сабраліся разам скакаць? Страшна нават падумаць. Пагатоў падчас выбараў. 


У той жа дзень «Сельская газета» парадавала чытачоў навіною пра тое, што сабралі ўсё ж 10 млн тонаў збожжа. Праўда, калі прыгледзецца, можна заўважыць, што нашыя сельскія журналісты захацелі трохі ўвесці ў зман уласных чытачоў. 10 мільёнаў – гэта з улікам каласавых, зернебабовых, рапсу і кукурузы.


Так, адкрываем дзяржаўную праграму «Аграбізнес», чытаем план: сёлета мусіла быць 9,2 млн тонаў збожжа і 1 млн тонаў рапсу. 10,2 млн, але без кукурузы. А ў наступным – увогуле 11 млн, і зноў без кукурузы. Адкрываем Белстат, чытаем: летась мелі 7,7 млн тонаў – гэта збожжавыя і зернебабовыя, 900 тыс. рапс. І зноў без кукурузы. Ды што ж ты будзеш рабіць?


Праўда ў тым, што дзяржаўная праграма цалкам заваленая, адсоткаў на дваццаць, не менш. Але вось такое дробнае ашуканства, улучэнне ў агульную лічбу збору кукурузы, ураджайнасць якой, вядома, разы ў два большая, чым пшаніцы, дазваляе зрабіць выгляд, што ўсё нармальна. Ці даводзіцца пры гэтым журналістам падскокваць, «Сельская газета» не паведамляе.



Глядзіце ў поўным выданні «Атмасферы» з Аляксандрам Кныровічам:


  • Расейцы патрабуюць даць ім больш беларускіх рублёў у крэдыт.
  • У «Беллёгпраме» арыштавалі менеджараў адразу 11 прадпрыемстваў. 
  • Чарговы антырэкорд на рынку працы.