Тэгеран праз дыпламатычныя каналы пасылае сігналы, што плануе комплексны адказ Ізраілю пасля яго ўдараў па аб’ектах у Іране. Ізраільскія ўлады ў адказ абяцаюць яшчэ больш магутны ўдар па іранскіх аб’ектах.
Як піша «The Wall Street Journal», пакуль невядома, ці ёсць іранскія пагрозы рэальнымі ці проста жорсткімі заявамі. Выданне адзначае, што ізраільскі ўдар 25 кастрычніка знішчыў стратэгічную супрацьпаветраную абарону Ірану, рэзка павысіўшы рызыкі для краіны. Пакуль Ізраіль устрымліваўся ад удараў па нафтавых і ядравых аб’ектах краіны, якія маюць важнае значэнне для яе эканомікі і бяспекі, але гэты разлік можа змяніцца, заявілі ізраільскія афіцыйныя асобы.
Іран паведаміў арабскім дыпламатам, што не плануе абмяжоўваць свайго адказу ракетамі і беспілотнікамі, як гэта было ў дзвюх папярэдніх атаках, а ракеты будуць мець больш магутныя боегалоўкі, заявілі іранскія і арабскія чыноўнікі. Тэгеран пагражае выкарыстаць і звычайнае войска.
Пра рыхтаванне «зубаломнага адказу» паведаміў 2 лістапада вярхоўны лідар Ірану, аятала Алі Хамэнэі, выступаючы перад аўдыторыяй у Тэгеране. А прэзідэнт краіны Масуд Пэзэшкіян заявіў на наступны дзень, што ягоная краіна не можа пакінуць удару Ізраілю без адказу. Аднак, паводле Пэзэшкіяна, «тып і інтэнсіўнасць нашага адказу» могуць змяніцца, калі ў Газе і Ліване будзе спынены агонь.
Егіпецкі чыноўнік сказаў, што Іран у прыватным парадку папярэдзіў пра «жорсткі і складаны» адказ. Ягоны іранскі калега паведаміў, што Тэгеран, імаверна, будзе атакаваць ізраільскія вайсковая аб’екты «значна больш агрэсіўна, чым мінулым разам». Паводле іранскага чыноўніка, іранскі адказ адбудзецца ўжо пасля выбараў у ЗША, якія пройдуць 5 лістапада.
Ізраільскія афіцыйныя асобы мяркуюць, што Іран сапраўды разглядае магчымасць адказу, і папярэдзілі, што гатовыя ўчыніць значна больш сур’ёзную атаку ў адказ.
Нагадаем, што 26 кастрычніка ізраільская армія нанесла «кропкавыя ўдары» па вайсковых аб’ектах у Іране: ракетных заводах і комплексах класу «зямля – паветра». Аперацыя атрымала назву «Дні пакаяння» за абстрэл тэрыторыі Ізраілю, які Тэгеран учыніў 1 кастрычніка, выпусціўшы каля 200 балістычных ракетаў.
Ізраільскія авіяўдары наносіліся больш як сотняю знішчальнікаў, сярод якіх былі ў тым ліку F-35. Паведамлялася, што пад абстрэл трапілі некалькі вайсковых базаў у ваколіцах Тэгерану і камандны пункт Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі. Паводле інфармацыі Цагалю, ізраільскія жаўнеры падчас аперацыі не пацярпелі.
Знішчэнне абсталявання наносіць сур’ёзны ўрон здольнасці Ірану вырабляць новыя балістычныя ракеты, паведамілі тры крыніцы ў Ізраілі. Акрамя пашкоджанага абсталявання, падчас ізраільскага ўдару былі знядзеяныя чатыры батарэі СПА С-300, якія абаранялі Тэгеран, а таксама іранскія ядравыя аб’екты.
Макар Мыш belsat.eu