На адной са старонак Марыны Васілеўскай у Instagram з’явілася паведамленне пра тое, што яна прадае свой «касмічны» 14-ты «iPhone».
Як піша «Наша Ніва», у Марыны Васілеўскай ёсць дзве старонкі ў Instagram. Першая з’явілася яшчэ ў 2016 годзе. Перад палётам беларускі ў космас гэты ўліковы запіс зрабілі закрытым, вычысціўшы адтуль ейныя допісы, а таксама каля 900 падпісак, напрыклад, пра пераезд у ЗША.
Амаль праз пяць месяцаў пасля палёту ў космас для Васілеўскай стварылі другую – афіцыйную – старонку. Там яна дзеліцца здымкамі з афіцыйных падзеяў, у якіх бярэ ўдзел.
Абвестка пра продаж старога «iPhone 14pro 128» з’явілася на першай старонцы. За яго Васілеўская хоча атрымаць 2500 рублёў. Удакладняе, што карысталася ім прыкладна год, у тым ліку ўвесь перыяд рыхтавання да палёту ў космас.
Васілеўскай 34 гады, яна нарадзілася ў Менску. З 2017 года працавала бортправадніцай «Белавіі», пасля чаго зрабілася ўдзельніцаю касмічнай праграмы ўладаў. 23 сакавіка адбыўся пуск карабля «Саюз МС-25» з першай беларускай касманаўткай на борце. Вярнулася з космасу Васілеўская 6 красавіка. Падчас свайго палёту яна даследавала, «ці можна ў космасе зрабіць ёгурт». Агулам ейны палёт крытыкуюць як «касмічны турызм» за кошт беларусаў дзеля піяру Аляксандра Лукашэнкі. Улады ўзнагародзілі Марыю Васілеўскую званнем Героя Беларусі.
Макар Мыш belsat.eu