Дзейная кіраўніца Малдовы Мая Санду, якая рэпрэзентуе праеўрапейскія і празаходнія сілы, перамагае ў другім туры выбараў прэзідэнта краіны.
Паводле звестак малдаўскага ЦВК, пасля падліку 99,68 % бюлетэняў Мая Санду набірае 55,35 % галасоў. Ейны праціўнік, былы генеральны пракурор Александр Стаяногла ад Партыі сацыялістаў атрымлівае 44,65 %. Пры гэтым ён перамог на ўчастках, што месцяцца на тэрыторыі Малдовы, а вось дзейную прэзідэнтку наперад вывелі галасы выбарнікаў з-за межаў краіны.
Каментуючы вынікі выбараў, Санду заявіла, што «Малдова перамагла», а грамадзяне краіны «далі ўрок дэмакратыі, варты таго, каб яго ўпісалі ў падручнікі гісторыі».
«Малдова падлегла беспрэцэдэнтнаму нападу ў гісторыі ўсёй Еўропы: брудныя грошы, незаконны подкуп галасоў, умяшанне злачынных груповак у выбарчыя працэсы, распаўсюджванне нянавісці і страху ў нашым грамадстве. Але наш народ аб’яднаўся, і грамадзяне перамаглі», – заявіла Мая Санду, паабяцаўшы быць прэзідэнткай і для тых, хто прагаласаваў за Стаяногла.
У першым туры, які прайшоў 20 кастрычніка, Санду набрала 42,45 % галасоў. За Стаяногла прагаласавалі 25,98 % выбарнікаў. Яўка ў другім туры вырасла ў параўнанні з першым: з 51,68 % да 54,3 %.
У 2025 годзе ў Малдове маюць адбыцца парламенцкія выбары.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Макар Мыш belsat.eu