Міністэрства эканомікі Тайваню заявіла пра поўнае спыненне даставак станкоў, якія могуць выкарыстоўвацца вайсковымі прадпрыемствамі Расеі, у звязку з узмацненнем правілаў экспартнага кантролю.
Пра гэта тайваньскае ведамства заявіла 1 лістапада. Прычынаю для такіх захадаў паслужылі публікацыі некалькіх расследаванняў у медыях пра здзяйсненне падобных паставак.
Згодна з новымі правіламі, істотна павялічаны памер штрафу за першаснае парушэнне санкцыяў, уведзеных супраць Расеі і Беларусі – да 1 мільёна тайваньскіх долараў (крыху болей за 30 тысячаў амерыканскіх долараў).
Паводле тайваньскага ведамства, яно вядзе актыўную тлумачальную працу з вытворцамі і заклікае іх выконваць законы і кантраляваць, да якога канечнага спажыўца трапляе іхная прадукцыя.
У Міністэрстве эканомікі Тайваню сцвярджаюць, што гэта ўжо дало свой вынік, і аб’ём экспарту станкоў упаў да нуля.
Вядома, што ў студзені 2024 года расейскае выданне «The Insider» і тайваньскае «The Reporter» апублікавалі расследаванне, згодна з якім Тайвань, нягледзячы на праўкраінскую пазіцыю, стаўся асноўным дастаўцам металаапрацоўчых станкоў для вайскова-прамысловага комплексу Расеі праз трэція краіны, як Турцыя. Пасля гэтага ў лютым Тайбэй увёў санкцыі супраць шэрагу расейскіх кампаніяў, якія згадваліся ў артыкуле. У ліпені выданне «The Insider» паведаміла пра планы тайваньскай кампаніі «Giant Force» абысці санкцыі для пастаўкі важнага прыбора, але пастаўка была сарваная праз рызыку санкцыяў.
Раман Шавель belsat.eu