Увечары 2 лістапада на тэрыторыю Беларусі заходзілі найменей пяць расейскіх дронаў тыпу «Шагэд». Адзін з іх прапаў.
Першы «Шагэд» зяляцеў у раёне вёскі Ніжнія Жары а 21:21, пасля чаго вылецеў назад ва Украіну, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
А 21:39 у калідор Славутыч – Прыпяць праз Камарын зайшла група з трох беспілотнікаў, «якія здзяйснялі транзітны пралёт над Беларуссю», адзначылі аўтары тэлеграм-каналу.
Апошні дрон прыкмецілі ў гэтым калідоры а 22:04, ён заставаўся на тэрыторыі нашай краіны найменей да 22:38, гэта адбывалася на мяжы, у чарнобыльскай зоне з беларускага боку.
Як паведамляюць Паветраныя сілы ЗСУ, уначы ў Беларусь заляцеў і не вярнуўся адзін расейскі беспілотнік – імаверна, гэта быў апошні з вышэй названых дронаў.
Як адзначае «Беларускі Гаюн», беларуская авіяцыя ў неба цягам ночы не ўздымалася.
Залёты ў Беларусь расейскіх дронаў могуць быць звязаныя з масавай атакай расейскімі войскамі тэрыторыі Украіны, здзейсненай 2 лістапада. Гэтак, паводле Уладзіміра Зяленскага, за мінулую ноч расейцы запусцілі больш як 50 дронаў, а цягам тыдня па розных рэгіёнах суседняй краіны былі выпушчаныя больш за 900 бомбаў, 30 ракетаў і амаль 500 «Шагэдаў». Большасць удараў скіроўвалася супраць цывільных будынкаў і аб’ектаў крытычнай інфраструктуры.
Апошнім часам колькасць расейскіх беспілотнікаў, якія залятаюць на тэрыторыю Беларусі, рэзка павялічылася. Гэтак, заходы БПЛА адзначаліся ў ноч на 1 лістапада.
У ноч на 28 кастрычніка заляталі не меней за тры беспілотнікі, на 27 кастрычніка – найменей два расейскія «Шагэды», у ноч на 26-га – не менш за сем, а заход яшчэ трох БПЛА не быў дакладна пацверджаны.
У ноч на 18 кастрычніка ў Беларусь заходзілі каля дзевяці беспілотнікаў, два з якіх зніклі. Некалькі «Шагэдаў» заляталі ў ноч на 20 кастрычніка, адзін з іх збілі над Ельскім раёнам. Жыхары Хойніцкага раёну нават склалі адмысловую петыцыю да мясцовых уладаў з просьбай абараніць людзей ад дронаў.
Раман Шавель belsat.eu