Міністэрства надзвычайных сітуацыяў расказала пра наступствы моцнага ветру, які абрынуўся на Беларусь 1 і 2 лістапада.
Гэтак, паведамляе МНС, у Драгічынскім раёне Берасцейскай вобласці былі пашкоджаныя дахі двух сельскагаспадарчых будынкаў.
Агулам былі зафіксаваныя 73 выпадкі падзення дрэваў у розных вобласцях. Найбольш – у Менскай (17 выпадкаў) і Менску (12), у Гарадзенскай і Магілёўскай вобласцях – 11 выпадкаў, у Віцебскай – 10, у Берасцейскай – 9.
У выніку падзення дрэваў былі пашкоджаныя 12 аўтамабіляў, а таксама прыпаркаваны прычэп-лецішча у Менскай вобласці.
На шчасце, абышлося без пацярпелых.
Акрамя таго, праз непагадзь агулам парушалася забеспячэнне электрычнасцю 402 паселішчы. Найбольш – у Віцебскай вобласці.
Нагадаем, што 1 і 2 лістапада ў Беларусі былі зафіксаваныя моцныя вятры, парывы якіх даходзілі часам да 24 м/с. У сувязі з гэтым ўводзіўся памаранчавы ўзровень небяспекі.
Сёння, 3 лістапада, памаранчавы ўзровень небяспекі ў звязку з моцнымі вятрамі захоўваецца ў Гомельскай вобласці.
На 4 лістапада такое папярэджанне вынеслі ў звязку з магчымаю непагаддзю па ўсёй Беларусі.
Раман Шавель belsat.eu