Толькі за першае паўгоддзе 2024-га сілавікі на Гарадзеншчыне выявілі больш за тысячу выпадкаў распаўсюду інфармацыі, прызнанай у Беларусі экстрэмісцкаю. Пра гэта ды іншыя рэпрэсіі ‒ у штодзённым аглядзе.
«Гарадзенская праваабарона» атрымала афіцыйны дакумент ад пракуратуры і Следчага камітэту «Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і тэрарызму, рэабілітацыі нацызму». З дакументу вынікае, што толькі за першае паўгоддзе 2024-га на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці зарэгістраваныя 1004 адміністратыўныя правапарушэнні паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Паводле яго пакараныя 912 чалавек.
Таксама сілавікі адсправаздачыліся, што ў першым паўгоддзі 2024-га спыненыя 1049 фактаў распаўсюду ў інтэрнэце інфармацыі «экстрэмісцкага зместу». Нібыта вінаватых асобаў прыцягнулі да адказнасці.
А з 9 жніўня 2020 года да 30 чэрвеня 2024 года на Гарадзеншчыне зарэгістраваныя 2448 злачынстваў, звязаных з «экстрэмісцкаю дзейнасцю». У 2020-м іх было 268, у 2021-м – 696, у 2022-м – 771, у 2023-м – 471. У першым паўгоддзі 2024-га на тэрыторыі вобласці зарэгістраваныя 242 злачынствы «экстрэмісцкай скіраванасці».
Тым часам у Лунінецкім раёне на паўгода калоніі асудзілі двух сяброў дзяцінства. Артура Молчана і Артура Канапацкага пакаралі за тое, што ўлетку 2021-га ў Дзятлавічах яны знялі з крамы дзяржаўны сцяг. Потым яны нібыта спалілі яго ў лесе.
Працэс быў паказальны – па-за будынкам суда, перад навучэнцамі політэхнічнага і аграрнага каледжаў.
«Канапацкага і Молчана ў прысутнасці публікі паказальна ўзялі пад варту пасля абвяшчэння прысуду», – піша «Вясна Брэст».
Суддзя Святлана Братанава палічыла тое, у чым абвінавацілі Молчана і Канапацкага, «здзекам з дзяржаўных сімвалаў».
Не спыняецца і папаўненне спісу «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі». У яго трапіў змест суполкі «Шаркаўшчына | Твой горад» у сацыяльна сетцы «УКантакце». Рашэнне пра гэта суд Пастаўскага раёна прыняў 30 кастрычніка. Група мае амаль 1300 падпісчыкаў, апошнія публікацыі ў ёй былі зробленыя яшчэ ў 2021 годзе.
Арсен Рудэнка belsat.eu