Армія абароны Ізраіля (Цагаль) выявіла і знішчыла ў цэнтры сектара Газа завод па вытворчасці боепрыпасаў для «Хамас». Ён быў у тунэлі пад зямлёй.
«У падземным заводзе знаходзіліся такарныя станкі, сотні дэталяў для вытворчасці ракет, снарадаў і гранат, а таксама вадалазнае абсталяванне, прызначанае для ўварвання тэрарыстаў "Хамас" на тэрыторыю Ізраіля марскім шляхам», – паведаміла прэс-служба Цагаль.
У тунэльнай сетцы побач з заводам таксама былі жылыя памяшканні. Там знойдзеныя печ, пліта, прадукты харчавання, ложкі і кабінеты, «якія выкарыстоўваліся тэрарыстамі падчас вайны».
Завод быў знішчаны ізраільскімі вайскоўцамі, а абсталяванне канфіскаванае.
Ізраільскія вайскоўцы «прадухілілі чарговую спробу "Хамас" пераўзброіцца», гаворыцца ў паведамленні.
Забіты 16 кастрычніка лідэр «Хамас» Ях'я Сінвар у 2021 годзе заяўляў, што працягласць тунэляў складае каля 500 км. Некаторыя праходы дасягаюць такой велічыні, што там можа свабодна праехаць аўтамабіль.
Арсен Рудэнка belsat.eu