Паведамленняў пра затрыманне гэтага чалавека раней не з’яўлялася ў крыніцах інфармацыі, звязаных з сілавікамі, і медыях. Пра суд над ім сталася вядома з раскладу судовых пасяджэнняў.
Завуць латвійца Юрыс Ганіньш. Суд над ім будзе праходзіць у Менскім гарадскім судзе 12 лістапада, піша выданне «Наша Ніва».
Мужчыну абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ: арт. 369-1 КК («дыскрэдытацыя Беларусі»), ч. 2 арт. 367 КК («паклёп на Лукашэнку»), ч. 2 арт. 361 КК («заклікі да санкцыяў»).
Агулам мужчыну можа пагражаць да дзесяці гадоў зняволення.
За што дакладна латвійцу высунутыя такія абвінавачанні, не ўдакладняецца.
Нагадаем, што 28 кастрычніка Міністэрства замежных справаў Латвіі паінфармавала, што яму вядома пра 26 жыхароў Латвіі, арыштаваных у Беларусі. Паводле прэс-сакратаркі латвійскага МЗС Дыяны Эглітэ, прадстаўніцтва Латвіі ў Віцебску надае затрыманым неабходнае і магчымае консульскае падтрыманне, але такая дапамога абцяжараная адсутнасцю вяршэнства закону ў Беларусі, а таксама мінімізаванаю супрацаю з Беларуссю ў сферы правасуддзя ды іншых сферах пасля нападу Расеі на Украіну.
Нагадаем, што ў сакавіку 2022 года ў Беларусі затрымалі латвійскага грамадзяніна Дмітрыйса Міхайлаўса, які часова пражываў у Менскай вобласці. Яго абвінавацілі ў закліках да санкцыяў, знявазе Лукашэнкі, знявазе прадстаўнікоў улады і распальванні варожасці. У канцы снежня 2022 года яго асудзілі на чатыры гады зняволення.
Раман Шавель belsat.eu