Вайна

Расея пайшла ў наступ надзвычай высокімі тэмпамі. Што адбываецца на вайне ва Украіне

Расейскі танк, падбіты на Данеччыне
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскі танк, падбіты на Данеччыне, Украіна. Фота: Командування Сил підтримки Збройних Сил України / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 982 дні. За мінулы тыдзень Расея правяла рэкордна паспяховы ў гэтым годзе наступ. Гэта пачалі актыўна абмяркоўваць у замежнай прэсе.

Уладзімір Зяленскі і Марк Рутэ ў Бруселі. Фота: president.gov.ua

Свет можа стаць перад выбарам: Украіна ў NATO ці Украіна – ядравая дзяржава

навіны

Паводле зводкі Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за мінулы дзень адбылося 170 баявых сутыкненняў, за 16 гадзінаў 1 лістапада – яшчэ 74. Гэта даволі высокая інтэнсіўнасць баёў: год таму ў кастрычніку-лістападзе было звычайна 60–80 сутыкненняў на дзень.


Баі трываюць на харкаўскім, купянскім, ліманскім, краматорскім, тарэцкім, пакроўскім, курахаўскім, врэменеўскім, арэхаўскім, прыдняпроўскім напрамках. Найбольш атак за мінулы дзень было на курахаўскім. Расейскія войскі за мінулы дзень нанеслі 3 ракетныя ўдары, 57 авіяўдараў, скінулі 108 кіраваных авіябомбаў, ужылі 1366 дроны-камікадзэ, учынілі 4241 абстрэл.


Паводле падлікаў Генштабу ЗСУ, толькі за адзін мінулы дзень Расея страціла 1460 чалавек, 6 танкаў, 20 бронемашынаў, 26 артылерыйскіх сістэмаў… Агулам з пачатку поўнамаштабнай вайны Расея страціла забітымі ці цяжка параненымі 696,4 тысячы чалавек.



Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) звяртае ўвагу на тое, што расейскае вайсковае камандаванне пасылае ў «мясныя штурмы» ўжо нават цяжка параненых, тым часам як Уладзімір Пуцін заяўляе, што ён незацікаўлены ў спыненні агню і будзе дамагацца «мэтаў Спецыяльнай ваеннай аперацыі».


Ды Расея пашырае супрацу з Паўночнай Карэяй: на дадатак да вайскоўцаў КНДР на акупаваных тэрыторыях Украіны Крэмль атрымаў ад КНДР дапамогу ў сферы лічбавых камунікацыяў – імаверна, для ўнутраных рэпрэсіяў. Паўднёвая Карэя пакуль толькі думае, ці дапамагчы Украіне пастаўкамі ўзбраенняў і ці не выслаць ва Украіну сваіх вайскоўцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Оперативне командування «Північ» Сухопутних військ Збройних Сил України / Telegram

Ці пасыпаўся ўкраінскі фронт? Адказвае эксперт

Вайна

Украінскія войскі нядаўна мелі невялікія поспехі пад Пакроўскам, але агулам Расея вядзе масіўны наступ, які можна назваць лакальным прарывам.


Эстонская выведка падлічыла, што за апошні тыдзень Расея заняла 150 км² украінскай тэрыторыі, асабліва прасунулася ў Данецкай вобласці – у Пакроўскім, Курахаўскім, Вуглядарскім і Вяліканавасёлкаўскім раёнах. Расея можа рыхтавацца і да наземных атак у Запарожскай вобласці


Выданне «Bloomberg» называе яшчэ горшыя лічбы: за тыдзень Расея захапіла звыш 200 км² – і гэта найбольшыя поспехі Расеі ў гэтым годзе. Ад 6 жніўня Расея захапіла агулам 1146 км² тэрыторыі Украіны, што на чвэрць больш, чым за першыя сем месяцаў года.


Захопліваюць не чыстыя палі ці пусты стэп: так, на гэтым тыдні Расея захапіла горад Сялідава, у якім да пачатку вайны на Данбасе жыла 24 тысячы чалавек. Наступныя цэлі Расеі, як лічыць «Bloomberg», гэта Пакроўск і Курахава.


Вайна выйшла з тупіку, піша «The New York Times» са спасылкай на амерыканскіх вайскоўцаў і выведнікаў. Праблема ўжо не толькі ў пастаўках узбраенняў і зборы навабранцаў, але і ў маральным духу – як у Кіеве, так і Вашынгтоне. Ацэнкі, якія рабілі летам адносна магчымасці расейскага прарыву, аказаліся памылковымі: Расею недаацанілі.


Расеі таксама няпроста даецца гэты наступ, працягвае NYT: недахоп салдатаў і паставак адчуваецца ўсё вастрэй. Калі падтрымка Украіны Злучанымі Штатамі застанецца моцнай да наступнага лета, у Кіева можа з’явіцца шанец скарыстацца прагназаванай слабасцю Расеі. Але падтрымка Украіны ўва многім залежыць ад вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у ЗША.


Ёсць асцярогі, што пры перамозе рэспубліканца Доналда Трампа на выбарах у ЗША Украіна апынецца ў цяжкім становішчы праз прыхільнасць Трампа да Пуціна. Але і дзейная віцэ-прэзідэнтка, кандыдатка ад дэмакратаў Камала Гэрыс можа шукаць шлях да заканчэння вайны, бо, як піша «Bloomberg», Вашынгтон не бачыць сцэнарыя, пры якім Украіна пераможа.


Тым больш, цяпер, калі ў прэзідэнцкім крэсле дэмакрат Джо Байдэн (які 1 лістапада якраз абвясціў пра дапамогу Украіне на яшчэ 425 млн долараў), Украіна атрымлівае толькі 10 % абяцаных паставак. І гэта не галаслоўная заява ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага: «Kyiv Post» знайшоў пацверджанне гэтых лічбаў у дакументах Пентагону.


Ды Зяленскі ўпэўнена кажа, што Украіна не будзе здаваць тэрыторыі, незалежна ад вынікаў выбараў у ЗША.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10