Пра патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнта не вядома нічога – нават імя па бацьку. Пошук у адкрытых звестках пакуль не даў вынікаў.
У Цэнтральную выбарчую камісію 1 лістапада падалі яшчэ адну заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Дакументы пададзеныя на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў падтрыманне Віктара Куляша.
Хто гэта такі, невядома. Пошук паводле фота ў інтэрнэце, а таксама пошук паводле імя не даў вынікаў. Імя Віктар Кулеш мае выкладчык БДУ і БДПУ, аднак ён не падобны да чалавека з фота ЦВК. Такое ж імя мае былы палітвязень, які выйшаў на волю 20 чэрвеня 2023 года, правёўшы паўтара года ў няволі за «знявагу прадстаўніка ўлады», але яму, імаверна, не дала б вылучаць кандыдатуру судзімасць. У сацсетках знайшлося яшчэ нямала беларусаў з такім імем, але ўсе яны непадобныя да чалавека з фота ЦВК.
Гэта ўжо трэці таямнічы «кандыдат у кандыдаты»: не ўдаецца знайсці звестак таксама пра прадпрымальніцу з Магілёва Дзіяну Кавалёву, у якой прынялі дакументы на разгляд, і пра Аляксандра Драздова, якому адмовілі.
Ініцыятыўныя групы на момант публікацыі зарэгістравалі для чатырох кандыдатаў: гэта Аляксандр Лукашэнка, Алег Гайдукевіч, Аляксандр Хіжняк і Вольга Чамаданава. Прынялі на разгляд дакументы ў яшчэ чатырох: гэта Ганна Канапацкая, Сяргей Бобрыкаў, згаданая Дзіяна Кавалёва і Сяргей Сыранкоў. Адмовы атрымалі Юрась Губарэвіч і згаданы Аляксандр Драздоў.
1 лістапада – апошні дзень прыёму заяваў аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Але калі заканчваецца прыём заяваў, ЦВК не паведамляе. Звычайны час працы ЦВК – да 18:00, паведамленне пра Куляша апублікавалі за чатыры хвіліны да таго часу.
Наступнае паседжанне ЦВК запланаванае на 4 лістапада – імаверна, на ім раскажуць, чые ініцыятыўныя групы зарэгістравалі.
З 7 лістапада да 6 снежня ўключна мае ісці збор подпісаў, з 22 да 31 снежня ўключна маюць рэгістраваць кандыдатаў або адмаўляць ім у рэгістрацыі. На перадвыбарчую агітацыю адвялі 1–25 студзеня. З 21 студзеня мае ісці датэрміновае галасаванне, 26 студзеня – асноўны дзень галасавання. Не пазней за 5 лютага маюць абвесціць вынікі галасавання, пры неабходнасці – не пазней за 9 лютага зладзіць другі тур (апошні раз другі тур на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі быў у 1994 годзе).
Дэмакратычныя сілы заклікаюць байкатаваць гэтыя выбары – актыўна ці пасіўна. Еўрапарламент ужо заявіў, што выбары ў Беларусі не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі.
Алесь Наваборскі belsat.eu