навіны

«Ідзём найгоршым з магчымых трэндаў». Экс-кандыдат на прэзідэнцтва пракаментаваў выбары-2025

Андрэй Дзмітрыеў. Фота: instagram.com / belarusian/
Андрэй Дзмітрыеў. Фота: instagram.com / belarusian/
podpis źródła zdjęcia

31 кастрычніка Андрэй Дзмітрыеў правёў першую пасля вызвалення з калоніі онлайн-трансляцыю ў інстаграм-акаўнце. Экс-кандыдат на прэзідэнцтва і былы кіраўнік грамадскага аб’яднання «Гавары праўду» распавёў пра тое, што думае наконт выбараў 2025 года ў Беларусі.

«Я заўсёды быў упэўнены, што ўдзельнічаць [у выбарчай кампаніі] трэба, і мы многа спрачаліся з іншымі ўдзельнікамі палітычных партыяў і арганізацыяў. Гэта першая кампанія, дзе я думаю, што задача галоўная – не ў тым, каб абавязкова вылучыць кандыдата. Я думаю, што гэта можа даць хутчэй негатыўны эфект», – перадае ягоныя словы «Позірк».

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2020 нагадаў, што сёння ёсць «партыя ўлады», якая «вылучае такіх мультыкандыдатаў». Ён звярнуў увагу, што ўпершыню на выбары ідуць амаль адныя чыноўнікі.

«Такога яшчэ не было. Заўсёды было, што гэта былі людзі праўладныя ці з альтэрнатыўнымі поглядамі. А тут, можна сказаць, досвед, які ўзялі з мясцовых і парламенцкіх кампаніяў і перанеслі ў прэзідэнцкую», – адзначыў прамоўца.

Ён зачытаў каментар жанчыны, якая выказала думку, што «будзе толькі горш», і часткова з ёй згадзіўся.

«Нас чакаюць вельмі складаныя часы менавіта з пункту гледжання міжнароднага парадку. Не хачу быць прадвеснікам і кагосьці пужаць, але, канечне, праводзячы аналогіі гістарычныя, пакуль мы ідзём найгоршым з магчымых трэндаў… Калі глядзець на тое, як развіваюцца адносіны, як бакі, што проціборствуюць, адзін да аднаго ставяцца, як яны адзін аднаго не чуюць, якую мэту яны ставяць», – мяркуе Дзмітрыеў.

Нагадаем, апошнім разам Дзмітрыеў удзельнічаў у выбарах 2020 года, дзе Цэнтрвыбаркам даў яму 1,21 % галасоў. У студзені 2023 года палітык быў асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі за «актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Выйшаў на волю ён 20 красавіка 2024 года, адбыўшы тэрмін зняволення.

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10