Уначы з 31 кастрычніка на 1 лістапада расейскія дроны ляцелі з Украіны ў бок Гомельшчыны, паведамляе маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн».
Група беспілотнікаў увайшла ў Беларусь з тэрыторыі ўкраінскага Любечу, потым узяла курс на Хойнікі і Мазыр. Беларусь у 01:40 з аэрадрому «Баранавічы» падняла знішчальнік у неба, распавёў украінскі праект «єРадар», пажартаваўшы, што «Беларусь дапамагае ў знішчэнні [дронаў] больш за усё NATO разам узятае».
Таксама «єРадар» паведамляў, што на ўскраінах Мазыра «намотвае колы Су-30, робячы свае „піруэты“ блізка з нашымі межамі».
Групы расейскіх дронаў-камікадзэ тыпу «Шагэд» апошні час нярэдка лётаюць над Беларуссю. Апошні з іх зафіксавалі над тэрыторыяй Беларусі напярэдадні, 30 кастрычніка.
Упершыню Беларусь падняла знішчальнікі ў неба з нагоды сустрэчы расейскіх дронаў у ноч на 5 верасня 2024 года.
Таксама нагадаем, што 4 кастрычніка сілавікі затрымалі жыхарку Калінкавічаў, якая зняла відэа з выбухам расейскага «Шагэда». Потым яе абвінавацілі ў супрацы з «экстрэмісцкімі» рэсурсамі, а таксама ў дэзынфармацыі і распаўсюджванні панікі. Пры тым, што першапачаткова відэа з'явілася ў чаце дарожнай дапамогі «Калінкавічы, Аўта, ДАІ», адкуль яго ўжо потым узялі медыі.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Тэса Анэйда belsat.eu