У дзяцей вакацыі, з'явілася больш вольнага часу на забавы ды інтэрнэт, а дарослыя б'юць трывогу. Чыноўнікі распавядаюць, што дзеці ўсё часцей гінуць, і гаворка не пра цяжкія хваробы. Чаму лічбы растуць і хто за гэта адказны? Пра гэта паразважалі прадстаўнік «BELPOL» Андрэй Астаповіч і псіхолаг, кіраўніца камісіі Каардынацыйнай рады ў сацыяльнай палітыцы Вольга Вялічка.
Начальніца ўпраўлення нагляду за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генпракуратуры Вікторыя Фіневіч падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай занятасці і бяспецы школьнікаў на канікулах, заявіла, што за дзевяць месяцаў 2024 года ў Беларусі загінулі 94 дзіцяці, і гэтая лічба на 28 % большая, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Усё гэта смерці з вонкавых прычынаў, то бок іх можна было пазбегчы. Паводле Генпракуратуры, з 2021 года здарыліся 444 такія выпадкі. Чвэрць з гэтых дзяцей патанула (113), семдзесят не выжылі ў выніку дарожна-транспартавых здарэнняў. Ёсць і ахвяры пажараў (37), і падзенняў з вышыні (21). Дванаццаць дзяцей за гэты час забілі. Прычынаў 90 смерцяў у пададзеных звестках не называюць.
,,«Узровень жыцця насельніцтва заўсёды карэлюе з такімі паказнікамі. Чым лепшы ўзровень жыцця (гэта не толькі дастатак, гэта і сістэма адукацыі, аховы здароўя, і палітычная абстаноўка ў краіне), тым такія выпадкі радзей адбываюцца», – адзначае прадстаўнік «BELPOL» Андрэй Астаповіч.
Са звестак Генпракуратуры вынікае, што прычынаю прынамсі паловы смерцяў была неасцярожнасць, невыкананне дзецьмі або дарослымі правілаў бяспекі – на дарозе, на вадзе ці ля агню. Але 101 дзіця – амаль кожнае чацвёртае з загінулых – само пазбавіла сябе жыцця. Акурат гэтую лічбу, як і колькасць забойстваў дзяцей, падалі ў тэлеграм-канале, а падчас прэс-канферэнцыі не агучвалі, патлумачыўшы:
«Мы прывялі лічбы, адносна якіх палічылі, што іх важна і трэба ведаць грамадскасці».
Згодна з дакументам Генпракуратуры, які «BELPOL» перахапіў улетку, за першае паўгоддзе колькасць дзіцячых самагубстваў вырасла на 50 % у параўнанні з мінулым годам, а ўзрост ахвяраў зменшыўся. Тады гаварылася, што выяўляць дзяцей, схільных да суіцыду, мусіла б Міністэрства адукацыі. Цяпер акцэнт робяць іншы: «Галоўная адказнасць за дзяцей ляжыць на нас, на дарослых, і ў першую чаргу на бацьках».

Думкі пра самагубства, паводле псіхолага, кіраўніцы камісіі Каардынацыйнай рады ў сацыяльнай палітыцы Вольгі Вялічкі, з'яўляюцца ў дзяцей у падлеткавым узросце, калі ім некамфортна сталець.
«Гэта натуральныя працэсы, што такія думкі могуць дзецям прыходзіць у галаву. Тут вельмі важна, каб да гэтага перыяду ў жыцці дзіцяці было падрыхтаванае не толькі яно само, але і былі падрыхтаваныя бацькі».
Вольга Вялічка пагаджаецца з чыноўнікамі наконт важнасці ролі сям'і ў выхаванні дзіцяці, але:
,,«Каб бацькі мелі свабоду выбару рэалізоўваць свае бацькоўскія правы. Напрыклад, сітуацыя, што адбываецца ў Горадні: бацькоў запалохваюць, што калі яны не адпішуцца ад новапрызнанага экстрэмісцкага сайту, што чытаў увесь горад, то ім пагражае СОП [сацыяльна небяспечны стан. – Заўв. belsat.eu]».
Значную частку часу нават на канікулах дзеці праводзяць па-за сям'ёю: у школах арганізоўваюць дзённыя лагеры, экскурсіі, гурткі. Бацькі ж мусяць забяспечваць сям'ю. Адсюль і значная роля дзяржавы ў запэўніванні, сярод іншага, бяспекі дзяцей.
«Калі дзяржава адыходзіць (калі бярэм падзеі пасля 2020 года і тое, што развіваецца ўжо чатыры гады), займаецца праблемай утрымання сябе ва ўладзе і пакідання пры ўладзе пэўнай канкрэтнай эліты, а не праблемамі грамадства, дзяржавы, сямейнымі каштоўнасцямі, то ў іх прыярытэты іншыя, натуральна, гэты паказнік і расце», – кажа Андрэй Астаповіч.
Улады ж кажуць пра ўзмацненне адказнасці бацькоў за гібель ці траўмаванне дзяцей – аж да крымінальнай.
Падрабязней глядзіце ў сюжэце:
Ірына Дарафейчук, «Белсат»