навіны

Лістапад у Беларусі будзе цяплейшым за норму

Восень. Фота: trofei.by
Восень. Фота: trofei.by
podpis źródła zdjęcia

Апошні месяц восені прагназуецца не такім халодным, як звычайна, а таксама больш вільготным. Але пачатак лістапада ўсё ж пачнецца з маразоў і снегу.

Як паведамляе тэлеграм-канал @nadvorie, лістапад чакаецца цяплейшым за шматгадовую норму на 1,5–2°С, а на поўдні Беларусі – на 1°С. Ападкаў больш прыблізна на 10 мм выпадзе на паўночнай палове краіны, а на паўднёвай – каля нормы. Норма ў краіне каля 50–60 мм.


Белгідрамет адзначае, што 1-2 лістапада на большай частцы тэрыторыі краіны і ў Менску чакаецца ўзмацненне заходняга ветру парывамі 15–20 м/с. Удзень 1 лістапада і ноччу 2 лістапада месцамі па краіне парывы ветру дасягнуць 21–24 м/с. Праз гэта абвешчаны памеранцовы ўзровень небяспекі.

1 лістапада надвор’е ў Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты ад цыклону, што перасоўваецца са Скандынавіі на еўрапейскую тэрыторыю Расеі. Чакаецца пераважна воблачнае надвор’е. У многіх раёнах краіны пройдуць дажджы. Тэмпература паветра мінімальная ноччу +5..+10°С, максімальная днём +10..+15°С.

Пасля пахаладае. 2 лістапада чакаецца паступленне арктычнай паветранай масы. На большай частцы тэрыторыі Беларусі будуць ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Месцамі ў паўночна-ўсходняй палове краіны чакаецца слабы галалёд, на асобных участках дарогаў галалёдзіца. Вецер заходні, паўночна-заходні парывісты, часам моцны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу складзе ад −2°С на поўначы да +6°С на поўдні Беларусі, максімальная днём будзе ад 0°С на паўночным усходзе да +8°С на поўдні краіны.

3 лістапада ўначы месцамі пройдзе невялікі кароткачасовы снег, мокры снег, днём на большай частцы тэрыторыі чакаюцца снег, мокры снег, дождж. У асобных раёнах слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер парывісты, ноччу месцамі, а днём на большай частцы моцны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу −4..+1°С, максімальная днём 0..+7°С.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10