навіны

У Конга разбіўся вайсковы верталёт, якім кіраваў беларус

Гелікоптар, што разбіўся ў Конга. Фота: ОтВинта | Авиация Беларуси / Telegram
Гелікоптар, што разбіўся ў Конга. Фота: ОтВинта | Авиация Беларуси / Telegram
podpis źródła zdjęcia

У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга разбіўся вайсковы гелікоптар, якім кіраваў грамадзянін Беларусі. Увесь экіпаж загінуў.

Здарэнне адбылося 30 кастрычніка каля 11:00 паводле мясцовага часу ў аэрапорце Ндола ў сталіцы краіны Кіншасе. Разбіўся гелікоптар Мі-24 Збройных сілаў ДРК. Прычыны і падрабязнасці катастрофы не называюцца.

Як паведамляе тэлеграм-канал «AviaNews», усе тры чалавекі, якія былі на борце — пілот, другі пілот і тэхнік, — загінулі. Паведамляецца, што ўсе яны замежнікі. Пілот памёр на месцы, а двое іншых чальцоў экіпажу — па дарозе ў шпіталь.

Тэлеграм-канал «ОтВинта» ўдакладняе, што гелікоптарам кіраваў 64-гадовы беларус Віктар Брэжнеў з Наваполацку. Раней ён ваяваў у Афганістане. Аператарам быў Уктам Жумабееў, грамадзянін Узбекістану. Трэцім чальцом экіпажу быў нехта Карэнскі, пра якога нічога невядома.

Беларусь не першы год актыўна дапамагае паветраным сілам ДРК. У прыватнасці, на аэрадроме ў Баранавічах рамантаваліся самалёты з гэтай афрыканскай краіны. Таксама мясцовыя медыі заяўлялі, што Беларусь пастаўляе ў ДРК вайсковую тэхніку.

У 2006 годзе ў Конга разбіўся самалёт Су-25, якім кіраваў беларус Алег Ліхоткін. Пілот загінуў. 27 студзеня 2017 года паўстанцамі былі збітыя два гелікоптары Мі-24, на адным з іх былі трое беларускіх вайсковых спецыялістаў, якія рыхтавалі лётчыкаў і тэхніку кангалезскіх ВПС. Усе беларусы выжылі, але былі шпіталізаваныя.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10