Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая падала ў ЦВК дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзянаў для збору подпісаў выбарнікаў у падтрыманне яе вылучэння кандыдатам на прэзідэнцтва ў Беларусі. Пра гэта паведаміў Цэнтрвыбаркам.
Ганна Канапацкая таксама была кандыдаткаю ў прэзідэнты на выбарах 2020 года. У 2016 – 2019 гадах – дэпутаткаю Палаты прадстаўнікоў.
Пасля 2020 года пра Канапацкую амаль не было чуваць у публічнай прасторы. У 2021 годзе яна брала ўдзел ў VI Усебеларускім народным сходзе і назвала яго «сходам пераможцаў».
ЦВК ужо зарэгістраваў ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі. Дакументы на рэгістрацыю таксама падалі кіраўніца Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і ў справах моладзі Менскага гарадскога выканкаму Вольга Чамаданава, старшыня Беларускай рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч.
Старшыню руху «За Свабоду», эксперту ў справе рэгіянальнага развіцця Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Юрыю Губарэвічу і невядомаму кандыдату Аляксандру Драздову ЦВК адмовіў у рэгістрацыі групаў.
Арсен Рудэнка belsat.eu