У Беларусі абноўлены так званы спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Міністэрства нфармацыі дадало туды Instagram-старонку рэжысёра Андрэя Гнёта.
Пастанову аб прызнанні акаўнту Андрэя Гнёта @andrewgnyot «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прыняў суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 29 кастрычніка.
Андрэй Гнёт застаецца пад хатнім арыштам у Сербіі. Яму пагражае экстрадыцыя ў Беларусь. Ён быў арыштаваны на запыт уладаў Беларусі ўвосень 2023 года, пасля чаго 7 месяцаў правёў у сербскай турме. Там у яго моцна пагоршыўся стан здароўя.
У Беларусі Гнёта абвінавацілі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў, а насамрэч рэжысёра пераследуюць паводле палітычных матываў.
У падтрымканне Андрэя Гнёта выступілі каля 100 сусветных зорак. Таксама польскі Сенат накіраваў зварот да спікеркі сербскага парламенту Аны Бырнабіч з просьбаю разгледзець справу Андрэя Гнёта і забяспечыць яму свабоду.
«Большасць краін Еўропы і свету бачаць у гэтых абвінавачаннях зручны камуфляж для дзеянняў аўтарытарных уладаў Беларусі, якія імкнуцца выкарыстоўваць міжнародныя паліцэйскія інстытуты для ўмацавання свайго становішча і задушэння імкнення сваіх грамадзянаў да свабоды», – напісала маршалак Сенату Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска.
Арсен Рудэнка belsat.eu