У Менску прайшло выезнае паседжанне суда Першамайскага раёну. Справу аб хабары 2 тысячы рублёў разглядалі на сцэне перад гледачамі ў зале. Імпрэза прайшла без аншлагу, а падсуднаму адразу прызначылі амністыю.
30 кастрычніка суд разглядаў крымінальную справу супраць 36-гадовага раней не судзімага менчука, якога абвінавачвалі ў атрыманні 2 тысячаў рублёў хабару, паведамляе «Минск-Новости». За гледачоў у зале сядзелі прадстаўнікі дзяржаўных арганізацыяў Першамайскага раёну Менску.
Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, мянчук з лютага 2012 года быў кіраўніком аднаго з камунальных прадпрыемстваў сталіцы. Паміж ягонай арганізацыяй і адным з таварыстваў з абмежаванай адказнасцю была падпісаная дамова будаўнічага падраду, на падставе якой прадстаўнікі ТАА выконвалі працы на іх аб'ектах. У жніўні 2023 года абвінавачаны дамовіўся з дырэктарам ТАА наконт атрымання ад яго грошай за тое, што будзе падпісваць акты здачы-прыймання выкананых работаў без належнага правярання аб'ёмаў і якасці. Да затрымання кіраўнік паспеў падпісаць тры такія акты, за што атрымаў 2000 рублёў.
«У судовым паседжанні фігурант цалкам прызнаў віну, у зробленым раскаяўся, пацвердзіў, што, падпісваючы дакументы, ведаў, што не ўвесь пералік названых работаў выкананы ў поўным аб'ёме. Прыбытак, атрыманы злачынным шляхам, ён цалкам добраахвотна заплаціў у даход дзяржавы», – піша выданне.

У выніку суд прызнаў яго вінаватым у атрыманні хабару і на падставе ч. 1 арт. 430 КК з дастасаваннем ч. 1 арт. 69 КК прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову на тэрмін 2,5 года, а таксама прызначыў 20 000 рублёў штрафу і забараніў 5 гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых і арганізацыйна-распарадчых абавязанняў.
Акрамя таго, суд скарыстаў для абвінавачанага амністыю «ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», скараціў абмежаванне волі на год. Пры гэтым прысуд яшчэ не набыў моц і можа быць абскарджаны.
Пасля абвяшчэння прысуду адбылася лекцыя для гледачоў пра шкоду карупцыі.
Тэса Анэйда belsat.eu