Да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі засталося менш за тры месяцы. Да іх рыхтуюцца ўлады, у рэжыме спецаперацыі, дэмсілы і, прынамсі, праваабаронцы: кампанія, што зазвычай арагнізоўвала назіранні, абвесціла пра пачатак працы экспертнай місіі. Ці ўдзельнічаць у выбарах і як абараніць сваё права голасу, распавялі нашыя суразмоўцы.
«Кампанія будзе выкарыстоўваць адкрытыя дадзеныя, будзем заклікаць людзей запаўняць форму на сайце кампаніі, які хутка будзе запушчаны, таксама заклікаем звяртацца на кантакты праваабарончага цэнтру “Вясна”», – распавёў праваабаронца Павел Сапелка.
На ўчасткі незалежных назіральнікаў накіроўваць не будуць, вядома ж, з мэтаў бяспекі. Бо цяпер сітуацыя нашмат горшая, чым была падчас электаральнае кампаніі 2020-га.
Тады незалежных назіральнікаў не дапускалі непасрэдна прысутнічаць на ўчастках. Яны вымушаныя былі сачыць за працэсам праз вокны і збіраць звесткі пра хаду галасавання ў размовах з выбарнікамі. Перыядычна яны зазнавалі міліцэйскі ціск.
«Пад відам антыкавідных захадаў была абмежавана колькасць назіральнікаў. Улады зноў жа пастараліся замясціць сваімі лаяльнымі псеўданазіральнікам гэтыя працэсы. Дзясятая частка назіральнікаў, а хутчэй за ўсё меней, патрапіла на назіранне за нейкай з частак выбарчага працэсу», – узгадвае мінулыя выбары праваабаронца.
Тым не менш, у той раз асобныя выбарчыя камісіі падалі праўдзівыя вынікі падліку галасоў. І рэжым зрабіў з гэтага высновы, лічыць палітолаг Алесь Лагвінец:
,,«Кіраўнічы склад усіх выбарчых камісіяў – гэта людзі, якія дзейнічаюць па паняццях рэжыму, цалкам лаяльныя рэжыму і гатовыя парушаць што заўгодна, каб даць патрэбны вынік».
Тым часам Еўрапарламент выступіў з заявай, што не бачыць падставаў, каб волевыяўленне адбылося паводле міжнародных стандартаў электаральных кампаніяў – было свабодным і справядлівым. На думку Алеся Лагвінца, размова ідзе пра выказванне маральнай пазіцыі:
«Канкрэтныя палітычныя рашэнні могуць тычыцца, напрыклад, падтрымкі дэмакратычных сілаў, чарговых санкцыяў ці абмежаванняў. Наўпроставага ўплыву ня будзе, паколькі рэжым герметычна абаронены ад знешняга пазітыўнага ўплыву вонкавага свету».
У дэмакратычных жа сілаў няма адзінай стратэгіі што да прэзідэнцкіх выбараў.
Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада заклікаюць беларусаў галасаваць супраць усіх. Лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк выступае за байкот. Партыі «Народная Грамада», «БХД» і аргкамітэт для стварэння партыі «Краіна для жыцця» абвясцілі аб правядзенні кампаніі пад назвай «Мой прэзідэнт сядзіць у турме». Яны прапаноўваюць беларусам замежжа ладзіць розныя акцыі ў падтрымку палітзняволеных:
,,«У сувязі з тым, што шмат людзей, палітычных лідараў сядзяць у турме, было б мэтазгодна выкарыстаць момант прыцягнення ўвагі да Беларусі. Тым самым прыцягнуць ўвагу да палітзняволеных», - распавядае сустаршыня партыі «БХД» Георгій Дзмітрук.
Далей дэмсілы збіраюцца дабівацца непрызнання міжнарожнай супольнасцю вынікаў згаданай электаральнай кампаніі.
Пакуль Лукашэнка – адзіны кандыдат, чыю ініцыятыўную групу зарэгістраваў Цэнтрвыбаркам. Праўда, сёння заяўкі падалі кандыдаты-спойлеры: лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч і старшыня Рэспубліканскай партыі працыі і справядлівасці Аляксандр Хіжняк і нават былая прэс-сакратарка МУС, а зараз начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Менгарвыканскама Вольга Чамаданава.
Напярэдадні ў рэгістрацыі з фармальных прычынаў адмовілі апазіцыйнаму палітыку Юрыю Губарэвічу і невядомаму кандыдату Аляксандру Драздову. ЦВК прымае заяўкі да 1-га лістапада.
Падрабязней глядзіце ў сюжэце:
Уладзіслаў Корсак, «Белсат»