навіны

«З 250 нумароў больш за 200 былі занятыя ботамі з Расеі і Украіны». Пракуратура Польшчы ўзялася за пасярэднікаў з офісаў у справе іншаземцаў

Управа ў справе замежнікаў Мазавецкага ваяводства (Mazowiecki Urząd Wojewódzki w Warszawie. Wydział Spraw Cudzoziemców). Варшава, Польшча. 26 красавіка 2024 года. Фота: Белсат
Управа ў справе замежнікаў Мазавецкага ваяводства (Mazowiecki Urząd Wojewódzki w Warszawie. Wydział Spraw Cudzoziemców). Варшава, Польшча. 26 красавіка 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Абслугоўванне замежнікаў у гэтых аддзяленнях ёсць бясплатнаю паслугаю, але трапіць туды – сапраўдная праблема («Белсат» ужо пісаў пра гэта). У выніку людзі плацяць пасярэднікам, каб трапіць у адпаведны офіс.

На вуліцы Табарова, 33 у Варшаве чэргі можна заўважыць амаль заўсёды. Фота: Белсат
«Як выклікаюць людзей у чарзе, ніхто не разумее». Што кажуць людзі, якія падаваліся на міжнародную абарону ў Польшчы Рэпартаж

Нядаўна польскае выданне «Wyborcza» даведалася пра практыку гандлю «нумарамі» ў чарзе ў аддзеле справаў іншаземцаў Управы Мазавецкага ваяводства на вул. Круча. А цяпер выданне піша, што падобная сістэма існуе і ў адпаведным офісе на вуліцы Табаровай у Варшаве.

«Калі фірмы-пасярэднікі ўзломваюць сістэму, як у выпадку з Кручай, або як у выпадку з офісам на Табаровай, яны займаюць чаргу і просяць заплаціць за гэта, магчыма, мы маем справу з злачынствам», – тлумачыць Магдалена Назімэк, юрыстка і экспертка ў праваабароне Міграцыйнага кансорцыуму, што аб’ядноўвае дзевяць грамадскіх арганізацыяў дзеля працы з мігрантамі і ўцекачамі.

У размове з выданнем юрыст і партнёр юрыдычнай фірмы «Raczkowski» Міхал Кацпжык кажа, што няглядзячы на тое, што ягоная фірма займаецца рэлакацыяй працаўнікоў найбуйнейшых кампаніяў у сектары IT, яны не змаглі запісаць кліентаў праз сайт, бо «даты заблакавалі боты». Таксама яны не маглі дазволіць сабе выкарыстоўваць пасярэднікаў, якія прапаноўвалі абысці сістэму, таму мусілі падаваць заяўкі ў электронным выглядзе або праз пошту. Але гэта зацягвала разгляд сама меней на некалькі месяцаў.

Каб справіцца з праблемай, юрыдычная фірма правяла ўласнае правяранне з дапамогай спецыяльнага праграмнага забеспячэння для адсочвання. Аналіз паказаў, што боты, якія блакіравалі месцы, прыйшлі з Усходу. 

«Паводле нашых даследаванняў, з кожных 250 нумароў, выдадзеных офісам на вуліцы Круча, больш за 200 былі занятыя ботамі з Расеі і Украіны. Гэта будзе азначаць каля 40 000 злотых штодня для махляроў, больш за 800 000 злотых штомесяц. Пытанне ў тым, хто за гэтым стаіць, хто арганізоўваў і арганізоўвае гэтую практыку, хто браў на гэта грошы і куды яны ідуць. Нашыя даследаванні паказваюць, што ўсе дарогі вядуць на Усход», – кажа юрыст.

Якуб Дудзяк
, прэс-сакратар Управы ў справе замежнікаў на вул. Табаравай, паведаміў выданню «Wyborcza», што пра справу махляроў ужо заявілі ў паліцыю. Таксама 22 жніўня 2024 года справу распачала пракуратура варшаўскага раёну Урсынаў. 

Вядома, што справа вядзецца паводле артыкулу 230 Крымінальнага кодэксу, які пагражае пазбаўленнем волі на тэрмін ад 6 месяцаў да 8 гадоў.

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10