30 кастрычніка польскі омбудсман Марцін Вёнцэк заявіў, што сітуацыя з асноўнымі правамі і свабодамі ў Беларусі пагаршаецца, таму трэба разгледзець магчымасць скасавання пагаднення паміж Польшчай і Беларуссю.
Паводле яго словаў, цяпер экстрадыцыі беларусаў на радзіму выклікаюць абгрунтаваныя трывогі, што ў Беларусі свабоды і правы экстрадаванай асобы могуць быць парушаныя. А гэта, у сваю чаргу, парушае раздзел 2 Хартыі ЕЗ аб асноўных правах і артыкул 3 Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў, што падпісала Польшча.
«Таму неабходна разгледзець пытанне наконт таго, ці варта скасаваць пагадненне паміж Польшчай і Рэспублікай Беларусь аб прававой дапамозе, прынамсі ў сферы крымінальных справаў», – піша Марцін Вёнцэк.
Пагадненне 1994 года паміж Польшчай і Беларуссю наконт прававой дапамогі і прававых адносінаў у цывільных, сямейных, працоўных і крымінальных справах дзее да 2025 года, але рэпрэсіі, што адбываюцца ў Беларусі, «дыскваліфікуюць улады Беларусі як раўнапраўнага партнёра ў стасунках з Польшчай».
«Практыка апошніх гадоў паказвае, што міжнародная супраца з Беларуссю робіцца ўсё больш рызыкоўнаю. Таму неабходна разгледзець пытанне таго, ці варта Польшчы скасаваць пагадненне, прынамсі ў сферы юрыдычнай дапамогі ў крымінальных справах. Згодна з арт. 107 дамовы аб яе скасаванні, гэта магчыма кожныя 5 гадоў праз апавяшчэнне, што падаецца за шэсць месяцаў», – папануе омбудсман.
Тэса Анэйда belsat.eu