На старце прэзідэнцкай кампаніі Аляксандр Лукашэнка 29 і 30 кастрычніка падпісаў некалькі ўказаў, скіраваных на пенсіянераў і сем’і з дзецьмі.
Гэтак, указ № 402, што набывае моц з 1 студзеня 2025 года, адмяняе абмежаванні на памер пенсіі пенсіянерам, якія працягваюць працаваць. Гэта «дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць выкарыстання на рынку працы асобаў пенсійнага веку», паведамілі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі.
Таксама дакумент зніжае страхавы стаж з дзесяці да пяці гадоў маці, якія нарадзілі і выхавалі чацвярых і больш дзяцей. Апроч таго, на пяць гадоў раней пенсіі атрымаюць бацькі дзяцей-інвалідаў, якія выхоўваюць і даглядаюць дзіця без удзелу маці.
Для дзяцей-інвалідаў прадугледжанае павышэнне пенсіі ў сувязі са смерцю аднаго з бацькоў. Памер такога павышэння будзе залежаць ад ступені страты здароўя дзіцяці.
Апроч таго, спрашчаецца працэдура збору дакументаў аб заробку для вылічэння пенсіі, аптымізуюцца тэрміны падачы заявы на прызначэнне пенсіі.
Акрамя таго, асобным катэгорыям грамадзянаў захоўваецца права атрымання пенсіі праз паштовае аддзяленне сувязі. Такая магчымасць даецца таксама ўсім пенсіянерам у выпадку аплаты гэтай паслугі за ўласных сродкі.
Сямейны капітал будуць атрымліваць і замежнікі
Таксама Лукашэнка прадоўжыў тэрмін дзеяння праграмы сямейнага капіталу на перыяд з 2025 да 2029 года з захаваннем дзейных умоваў для яго прызначэння.
Адпаведны ўказ дае права датэрміновага выкарыстання сродкаў пры будаванні жытла незалежна ад наяўнасці накіравання мясцовага органу ўлады на такое будаванне. Не ўлічваюцца ў агульную плошчу жытло, якое сям’я мае ва ўласнасці, жылыя памяшканні, не адпаведныя санітарным і тэхнічным патрабаванням. Прадугледжваецца магчымасць датэрміновага выкарыстання сродкаў на набыццё долі жылых памяшканняў, калі ў сям’і ўжо ёсць ва ўласнасці долі гэтых жылых памяшканняў. Дазваляецца датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу на пагашэнне крэдытаў, выдадзеных на падставе дамоваў рэфінансавання крэдытаў на ўзвядзенне, рэканструкцыю, набыццё жылых памяшканняў, долі ў праве ўласнасці на іх.
Ва ўказе ўпершыню замацоўваюцца правы дзяцей (у тым ліку пры разводзе бацькоў) на жылыя памяшканні, пабудаваныя або набытыя з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу.
Вызначаецца магчымасць аплаты навучання за наступны навучальны год пры накіраванні сямейнага капіталу на атрыманне адукацыі (цяпер – за актуальны і папярэдні гады). Пашыраецца пералік сродкаў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў, якія можна набыць з выкарыстаннем сямейнага капіталу.
Акрамя таго, дакумент надае права на прызначэнне сямейнага капіталу замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія стала пражываюць у Беларусі, пры набыцці імі грамадзянства не пазней за адзін год з дня нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга і наступных дзяцей.
Якуб Хруст belsat.eu