Віцэ-прэзідэнтка і кандыдатка на прэзідэнцтва ЗША Камала Гэрыс выступіла перад шматтысячным натоўпам у Вашынгтоне з заключнаю вялікаю прамоваю перад выбарамі, якія пройдуць роўна праз тыдзень. Свой мітынг правёў і ейны праціўнік Доналд Трамп.
Паводле Камалы Гэрыс, выбары – гэта «больш як проста выбар паміж дзвюма партыямі і двума рознымі кандыдатамі», піша Бі-Бі-Сі.
«Гэта выбар пра тое, будзе ў нас краіна, заснаваная на свабодзе для кожнага амерыканца ці будзе кіравацца хаосам і разладам. Прыйшоў час для новага пакалення амерыканскіх лідараў», – сказала палітычная дзяячка.
Свой мітынг Гэрыс правяла там, дзе 6 студзеня 2021 года ейны супернік на выбарах Доналд Трамп выступаў перад прыхільнікамі перад тым, як некаторыя з іх выправіліся штурмаваць Капітолій. Паводле Гэрыс, ён «адправіў узброены натоўп да Капітолію, каб адхіліць волю народу на свабодных і справядлівых выбарах, ведаючы, што ён прайграў іх».
,,«Гэта чалавек нестабільны, апантаны помстай, ахоплены крыўдай і які прагне неабмежаванай улады», – дадала яна.
Што казаў Трамп
Пакуль Гэрыс выступала ў Вашынгтоне, Трамп праводзіў перадвыбарчы мітынг у Пенсільваніі – адным з асноўных штатаў, які вагаецца, дзе будзе вызначацца вынік прэзідэнцкіх выбараў. Сваю ўвагу ён скіраваў на абяцанні знізіць інфляцыю і «спыніць уварванне» мігрантаў у ЗША.
«Вы цяпер жывяце лепш, чымся чатыры гады таму?» – пачаў свой выступ былы прэзідэнт. Натоўп загуў: «Не».
Трамп заклікаў сваіх прыхільнікаў на выбарах «устаць і сказаць Камале, што з вас хопіць, што больш вы гэтага трываць не збіраецеся».
Выбары ў ЗША маюць адбыцца ўжо 5 лістапада. Пакуль ніводны з галоўных кандыдатаў не мае выразнага лідарства, і пераможцу вызначаць некаторыя ключавыя штаты.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Якуб Хруст belsat.eu