Расейскія войскі абстралялі дронамі і ракетамі тэрыторыю Украіны. Паведамляецца пра ахвяры сярод цывільнага насельніцтва. Пра атаку беспілотнікамі паведамляе і расейскі бок.
У выніку атакі расейскіх войскаў на Кіеў абломкі збітага беспілотніка ўпалі на шматпавярховы жылы будынак у Саломенскім раёне. У выніку пажару пацярпелі дзевяць чалавек, сярод іх дзіця, паведамілі ў гарадской адміністрацыі. У раёне загарэўся адміністрацыйны будынак, пашкоджанні атрымаў дзіцячы садок.
Генеральны штаб ЗСУ адзначыў, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка Расея атакавала 62 ударнымі БПЛА тыпу «Shahed» і беспілотнікамі неўсталяванага тыпу. Па стане на 07:00 пацверджаная страта 33 варожых БПЛА ў Кіеўскай, Чаркаскай, Хмяльніцкай, Харкаўскай, Запарожскай, Данецкай, Днепрапятроўскай, Сумскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай вобласцях. 25 беспілотнікаў былі лакацыйна страчаныя.

Таксама, як заяўляецца, расейскія войскі нанеслі ўдар ракетай з Белгародскай вобласці па прыватным сектары на Сумшчыне, а тактычная авіяцыя праціўніка ўвесь час наносіць удары кіраванымі авіябомбамі па прыфрантавой тэрыторыі на сумскім, харкаўскім і данецкім кірунках.
У Мінабароны Расеі заявілі, што перахапілі і знішчылі 23 украінскія беспілотнік: сем БпЛА – над тэрыторыяй Растоўскай вобласці, пяць – над тэрыторыяй Курскай, чатыры – над тэрыторыяй Смаленскай, па тры — над тэрыторыямі Арлоўскай і Бранскай вобласцяў і адзін – над тэрыторыяй Белгарадскай вобласці.
Baza паведамляе, што ў падмаскоўным аэрапорце Шарамеццева 40 хвілін дзейнічалі абмежаванні на прылёт і вылет, былі затрыманыя некалькі рэйсаў.
Якуб Хруст belsat.eu