навіны

«Белавія» прыпыніла рэйсы ў РФ з Берасця і Гомля праз недахоп самалётаў

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: belavia.com
podpis źródła zdjęcia

Сталася вядома, што з 28 кастрычніка «Белавія» адмяніла рэйсы з Гомля і Берасця ў Маскву, а з 29 кастрычніка – з Гомля ў Санкт-Пецярбург і Маскву.

Аб прыпыненні выканання рэйсаў нацыянальнага перавозчыка «Белавіі» з Берасця і Гомля ў Маскву і Санкт-Пецярбург «з тэхнічных прычынаў» паведамляе тэлеграм-канал «ОтВинта | Авиация Беларуси».


Як адзначаюць крыніцы тэлеграм-каналу, прычына скасавання рэйсаў крыецца ў «недахопе бартоў праз тэхабслугоўванне».


Са спасылкаю на звесткі авіясэрвісаў «Flightradar24» і «Planespotters» сцвярджаецца, што два самалёты авіякампаніі («Эмбраэр» і «Боінг») цяпер праходзяць тэхабслугоўванне.


«Яшчэ адзін «Эмбраэр» выкарыстаны для выязной серыі хакейнага клубу «Дынама» (Менск) [у Кантынентальнай хакейнай лізе]», – гаворыцца ў паведамленні.


Да таго ж, звяртае ўвагу тэлеграм-канал, «на гэтым тыдні ў раскладзе кампаніі значацца адразу два рэйсы ў Наябрск (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга РФ) па вахтавікоў».


«Ну і не будзем забываць пра павялічаную з учорашняга дня частату рэйсаў з Менску ў Баку і Дубай», – адзначаецца ў публікацыі.


Чакаецца, што палёты з беларускіх абласных цэнтраў адновяцца 4 лістапада.


Нагадаем, 21 кастрычніка сталася вядома, што «Победа» прыпыняе палёты з Масквы і Санкт-Пецярбургу ў Менск.

У офісе «Победы» заявілі, што прыпыненне рэйсаў будзе часовым: маўляў, толькі на зімовы перыяд. І што палёты павінны аднавіцца ў канцы сакавіка 2025 года.


Цікава, што навіна аб прыпыненні палётаў з'явілася на фоне інфармацыі пра тое, што агулам колькасць пасажыраў на авіярэйсах паміж Беларуссю і Расеяй за 2021–2023 гады вырасла ў 2,5 разу.


Надзея Вольная belsat.eu

 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10