навіны

Змены ў працы таксі, падаткі і новы БПМ. Што чакае беларусаў у лістападзе

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына глядзіць на ‎‎Вароты Менску‎‎‎ з чыгуначнага вакзалу сталіцы. Менск, Беларусь. 2 ліпеня 2017 года. Фота: Dan Kitwood / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына глядзіць на ‎‎Вароты Менску‎‎‎ з чыгуначнага вакзалу сталіцы. Менск, Беларусь. 2 ліпеня 2017 года. Фота: Dan Kitwood / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Надыходзіць новы месяц, а значыць беларусаў чакаюць новыя змяненні. Дзесьці яны станоўчыя, як то адкрыццё новых электрыфікаваных чыгуначных маршрутаў ці падвышэнне пенсіяў і дапамогі сем’ям з дзецьмі. Дзесьці наадварот спрычыняцца да цяжкасцяў і выдаткаў, як то стане з кіроўцамі і, магчыма, пасажырамі таксі.

Перанос выходных

У сувязі з тым, што ў Беларусі 7 лістапада прызнаны афіцыйным выходным, а сёлета гэтая дата выпадае на чацвер, у беларусаў будзе чатыры выходныя запар – 7,8,9,10 лістапада. Аднак працоўны дзень за пятніцу 8 лістапада давядзецца адпрацаваць у суботу 16 лістапада.

Падрастуць пенсіі і дапамогі на дзяцей

У Беларусі з 1 лістапада ў сярэднім на 1,1 % павышаюцца памеры бюджэту пражытачнага мінімуму. Новыя памеры БПМ у Br 437,8 будуць дзейнічаць па 31 студзеня 2025 года. У сувязі са змяненнем БПМ аўтаматычна вырастуць некаторыя віды дапамогі на дзяцей, у тым ліку звязаныя з іх нараджэннем і выхаваннем да 18 гадоў, а таксама мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчыны сталага веку адпачываюць на лаўцы. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчыны сталага веку адпачываюць на лаўцы. Фота: Белсат

Падаражэюць цыгарэты

Некаторыя маркі цыгарэт падаражэюць з 1 лістапада. Так, на 10 капеек вырастуць у цане чатыры віды Camel (Blue, Yellow, Compact і Compact Blue), Richmond Compact Special Blue і Sobranie Caster, на 20 – Pall Mall Superslims Azure, Dunhill Fine Cut Blue і Dunhill Fine Cut Gold.

Трэба заплаціць падаткі

Беларусам трэба заплаціць маёмасныя падаткі да 15 лістапада. Міністэрства падаткаў і збораў ужо мусіла разаслаць паведамленні на выплату маёмасных падаткаў. Калі яно не прыйшло, ёсць некалькі варыянтаў дзеянняў, інфармацыя аб якіх размешчана на сайце ведамства.

Змена ў працы таксі

З 1 лістапада без уключэння ў рэестр транспартная дзейнасць і дзейнасць вадзіцеляў у Беларусі будуць лічыцца незаконнымі. Гэта датычыцца як таксі, так і тых, хто займаецца перавозкай тавараў, абслугоўваннем вяселляў і юбілеяў, аказвае рытуальныя паслугі. Да 31 кастрычніка ўключэнне ў рэестр было бясплатным, але пасля гэтай даты трэба будзе заплаціць за аднаго кіроўцу Br 40, за кожны транспартны сродак – Br 80, за кожнага дыспетчара – Br 4 тыс. Таксама прадугледжаная абавязковая наяўнасць рэгістратараў у салоне аўтамабіля.

Перавознікі, якіх не будзе ў адзінай базе звестак, не змогуць працаваць законна. У адваротным выпадку ў іх будуць канфіскоўваць транспартныя сродкі. У «Яндэкс Go» выказалі здагадку, што да 70 % кіроўцаў, якія працуюць з сэрвісам, не змогуць адпавядаць усім патрабаванням і страцяць прыбытак. Але Мінтранс не прагназуе павышэння тарыфаў таксі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Таксі ў Менску. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Таксі ў Менску. Фота: Белсат

Платныя кансультацыі лекараў зарэгулююць

З 1 лістапада пералік платных медычных паслугаў, тарыфы на якія рэгулююцца Міністэрствам аховы здароўя пры ўзгадненні з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, дапоўненыя пазіцыяй «прыёмы (кансультацыі) урачоў-спецыялістаў».

Вываз памідораў толькі паводле ліцэнзіі

Беларусь з 1 лістапада да 2 сакавіка 2025 года ўводзіць ліцэнзаванне вывазу таматаў. Вывозіць іх можна будзе толькі паводле разавых ліцэнзіяў, што выдаюцца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю праз узгадненне з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам.

Абмежаванні ў інтэрнэце

З 1 лістапада набывае моц палажэнне аб парадку абмежавання (аднаўлення) доступу да інтэрнэт-рэсурсу, інфармацыйных сістэмаў і рэсурсаў. Адпаведная пастанова № 454 была зацверджана 28 чэрвеня.

Аўтамабільныя санкцыі і не толькі

У Латвіі з 1 лістапада забароненае знаходжанне транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Беларусі. Пры гэтым грамадзяне Беларусі, якія атрымалі ў Латвіі статус уцекача ці альтэрнатыўны статус, могуць цягам трох гадоў перарэгістраваць аўтамабіль без сертыфікату адпаведнасці.

Сейм Літвы 5 лістапада плануе вярнуцца да разгляду прапановы дэнансаваць пагадненне аб мытнай супрацы з Беларуссю. Раней міністарка фінансаў Літвы Гінтары Скайсце заявіла, што на практыцы памежная гандлёва-эканамічная супраца з Беларуссю і так цалкам прыпыненая.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адзяленне «Альфа-Банку». Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адзяленне «Альфа-Банку». Фота: Белсат

Новае ў рэгістрацыі валютных аперацыяў

З 19 лістапада пералік валютных аперацыяў, пры правядзенні якіх рэзідэнт абавязаны зарэгістраваць валютную дамову, дапоўнены аперацыяй, што прадугледжвае выкананне рэзідэнтам абавязкаў перад нерэзідэнтам, а таксама нерэзідэнтам перад рэзідэнтам на падставе дамоваў фінансавання пад уступку грашовага патрабавання (факторынгу). Таксама ўдакладненыя апісанні падтыпаў валютных дамоваў, парадак запаўнення асобных палёў рэгістрацыйнай формы і парадак падання рэзідэнтамі інфармацыі аб выкананні абавязкаў паводле зарэгістраваных валютных дамоваў, скарэктаваныя падыходы да вызначэння сумаў грашовых абавязкаў бакоў паводле дамоваў страхавання, страхавання, перастрахавання для мэтаў іх рэгістрацыі.

БЧ электрыфікавала новы маршрут

Беларуская чыгунка 1 лістапада а 17:57 адкрывае рэгулярны рух электрацягнікоў на ўчастку Мазыр – Калінкавічы – Менск. Перавозіць пасажыраў будуць электрацягнікі рэгіянальных лініяў бізнес-класу № 874/873 і № 876/875.

Дадатковыя цягнікі ў Маскву

Таксама з 1 лістапада Беларуская чыгунка сумесна з «РЖД» арганізавана курсіраванне дадатковай дзённай пары цягнікоў ЭС1П «Ластаўка» нумар 719/720 паміж Менскам і Масквой.

Пры гэтым на ўчастку Баранавічы – Ваўкавыск праз рамонт на перагонах Слонім – Азярніца і Бараўцы – Палонка зменіцца графік руху асобных цягнікоў 4, 5, 11, 12, 13, 14, 18, 19, 20, 21, 25, 26, 27 і 28 лістапада.

Адмена зніжкі для пенсіянераў

З 1 лістапада адмяняецца традыцыйная зніжка для пенсіянераў на праезд у цягніках рэгіянальных лініяў эканом-класу.

Зменшыцца дапамога на пахаванне

З 1 лістапада другі месяц запар зменшыцца памер дапамогі на пахаванні. Яна складзе Br 2313,9. Змяншэнне звязанае са змяншэннем сярэдняга заробку ў краіне.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10