Два дні мабільныя тэлефоны ўкраінцаў, якія жывуць недалёка ад беларускай мяжы, мяняюць геалакацыю на Гомель і Мазыр. Як высветлілася, гэтак мабільнікі трапляюць «пад раздачу» радыёэлектроннай барацьбы.
Паводле інфармацыі Telegram-каналу «Политика Страны», змяненне геапазіцыі ў мабільных тэлефонах на Гомель і Мазыр выявілі, у прыватнасці, жыхары некалькіх вёсак Вышгарадскага раёну (да прыкладу, сёлаў Стары і Наві Пэтрыўці). Яшчэ ў часткі людзей геалакацыя збілася, але не так радыкальна. Скажам, замест сяла Наві Пэтрыўці паказвала Дымэр Вышгарадскага раёну.
Як аказалася, смартфоны мяняюць геалакацыю ўжо два дні запар.
«Мая геалакацыя змянілася на Мазыр. Паводле Google-мапы, я на вуліцы Леніна, непадалёк ад Мазырскага замку», – апавяла Telegram-каналу «Политика Страны» жыхарка сяла Наві Пэтрыўці Марына.
Жыхар катэджнага мястэчка Аляксандр кажа, што быў моцна здзіўлены, калі яму на тэлефон прыйшло паведамленне, што ягоны сабака цяпер у Гомлі:
«На сабаку быў аброжак, які перадае звесткі пра ягонае месцазнаходжанне. Мяне на той момант удома не было, таму я моцна здзівіўся такому ягонаму перамяшчэнню, нават папрасіў суседзяў праверыць абстаноўку».
Акрамя таго, у тых, чые тэлефоны памянялі геалакацыю на беларускую, аўтаматычна наперад перавяліся гадзіннікі. У выніку людзі прачнуліся на гадзіну раней, чымся планавалі і паехалі ў справах ці на працу раней як трэба.
Вайскоўцы кажуць, што, хутчэй за ўсё, такія збоі ў геалакацыі звязаныя з працаю РЭБ (радыёэлектронная барацьба).
«РЭБ мяняе каардынаты, калі глушыцца сігнал. Разлік такі, што, калі ракета або дрон ляціць на цэль, а на месцы няма адпаведных каардынатаў, яны проста "губляюцца"», – тлумачыць вайсковец СПА, якога папрасілі пракаментаваць сітуацыю.
Гэта значыць, мабільныя тэлефоны проста трапляюць «пад раздачу». Але каардынаты геалакацыі, паводле Сяргея, мяняюцца далёка не заўсёды, нават калі працуе РЭБ:
«Такі эфект дае толькі магутная сістэма».
Эксперт тэлекамунікацыйнага рынку Раман Хіміч таксама мяркуе, што «памылкі» геалакацыі з высокаю доляю імавернасці звязаныя з працаю сродкаў падаўлення GPS-навігацыі.
Надзея Вольная belsat