Міністры замежных справаў Беларусі і Сірыі падпісалі супольную заяву аб шляхах і сродках супрацьдзеяння, змякчэння і ліквідацыі негатыўных наступстваў санкцыяў 29 кастрычніка.
Кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў і кіраўнік МЗС Сірыі Басам ас-Сабаг правялі перамовы ў Менску, паведамляе БелТА.
На думку Рыжанкова, падпісаны дакумент дапаможа краінам развівацца «ва ўмовах тых абсалютна незаконных абмежаванняў, што ўжываюцца так званым калектыўным Захадам у дачыненні Беларусі і Сірыі».
Ён адзначыў, як і некаторыя іншыя лукашэнкаўскія чыноўнікі, што санкцыі – гэта нібыта магчымасці.
«Гэтыя магчымасці мы гатовыя рэалізоўваць разам з нашымі сябрамі з Сірыі», – сказаў Рыжанкоў.
Па выніках сустрэчы таксама падпісалі мемарандум аб правядзенні палітычных кансультацыяў паміж замежнапалітычнымі ведамствамі. Ён патрэбны, каб «надаць больш сістэмную аснову дачыненням паміж міністэрствамі замежных справаў» Беларусі і Сірыі, а таксама для кансультацыяў у тым ліку ў «пытаннях міжнароднага парадку дня», адзначыў Рыжанкоў.
«Мы асудзілі ўмяшанне калектыўнага Захаду ва ўнутраныя справы незалежных дзяржаваў, незаконныя санкцыі Захаду, у тым ліку ў дачыненні нашых краінаў. У гэтым кантэксце мы абмеркавалі шляхі і сродкі развіцця супрацы ў межах барацьбы з гэтымі незаконнымі рашэннямі», – дадаў ас-Сабаг.
Сірыя, як і Беларусь, застаецца пад заходнімі санкцыямі Захаду. Гэта адна з пяці краінаў, якія ў 2022 годзе выступілі супраць рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН, якая асудзіла анексію ўкраінскіх тэрыторыяў Расеяй. Разам з Сірыяй супраць былі Беларусь, Расея, КНДР і Нікарагуа.
Глеб Нержын belsat.eu