Гарбуз з выразаным жудасным тварам, які свеціцца знутры, – нязменны і самы пазнавальны атрыбут Гэлаўіна – свята прывідаў, монстраў і іншай нячыстай сілы ў заходнееўрапейскай і амерыканскай культуры. Мы паспрабавалі зрабіць ліхтар з гарбуза ўласнымі рукамі. Распавядаем пра ўвесь працэс пакрокава, а таксама паказваем, што атрымалася.
Хто прыдумаў ліхтар Джэка?
У гэлаўінскага гарбуза ёсць свая назва – ліхтар Джэка. Гэта напамін пра ірландскую легенду пра скупога п’яніцу Джэка, які абдурыў д’ябла і быў пракляты на вечнае тулянне па зямлі з адзіным кавалкам вугля ў пустым гарбузе, што асвятляў ягоны шлях.
Як і легенда, традыцыя рабіць ліхтар Джэка таксама з’явілася спачатку ў Ірландыі, а таксама ў Шатландыі. У даўнія часы для вырабу ліхтара выкарыстоўвалі не гарбуз, а рэпу. Лічылася, што гэты плод, пакінуты ў Дзень усіх святых (1 лістапада ў каталіцкай традыцыі) каля дому, будзе абараняць яго ад злых духаў.
Сярод тлумачэнняў каранёў Гэлаўіна ёсць згадкі, што кельцкія народы ўспрымалі хрысціянскі Дзень усіх святых як працяг паганскай традыцыі святкавання сканчэння сезону жніва. Існавала павер’е, што ў гэты час у свет людзей урываецца нячыстая сіла. Ёсць версія, што ліхтары з гародніны сімвалізавалі душы памерлых за год людзей. Паводле іншага тлумачэння, гэтыя ліхтарні запальвалі, каб душы знайшлі шлях у чысцец.
Гарбуз для ліхтарні Джэка пачалі выкарыстоўваць у ЗША як больш даступную і танную гародніну.
У Беларусі і суседніх краінах гарбуз таксама нашмат больш распаўсюджаны за рэпу, таму для свайго ліхтара мы ўзялі менавіта яго. Такім чынам, як жа зрабіць галоўны сімвал Гэлаўіна сваімі рукамі?
Як зрабіць ліхтар: пакрокавая інструкцыя
Крок 1.

Набыць гарбуз, лепш традыцыйнага памаранчавага колеру. Памер залежыць ад вашых мэтаў – ці вы хочаце ўпрыгожыць стол, ці паставіць вялізны ліхтар на падворку, каб бачылі ўсе мінакі.
Мы выбралі невялічкі гарбуз, які можна паставіць са свечкаю на стол.
Крок 2.
Гарбуз памыць, прасушыць і зняць верхнюю частку. Рэзаць трэба асцярожна, каб не пашкодзіць сценкі гародніны, але глыбока, каб можна было дастаць мякаць з насеннем. Накрыўку, што знялі, можна захаваць, каб потым вярнуць яе на месца – закрыць ваш ліхтар.
Крок 3.

З гарбуза праз адтуліну, якая ўтварылася пасля здымання вехняй часткі, лыжкай вычысціць насенне. Гарбуз на ліхтарню мусіць быць зусім пусты. Насенне, дарэчы, не трэба выкідаць, яго можна высушыць і ўжываць як самастойна, так і з гарбузовымі супамі – смачна і карысна.
Крок 4.

Малюем на гарбузе такі твар, як вам хочацца. Настрой у вашага ліхтара Джэка можа быць любы, аднак памятайце, што адзначаецца ўсё ж Гэлаўін – свята, калі ўсіх пужаюць. Мы пастараліся намаляваць маркерам сапраўды жудасную грымасу.
Крок 5.
Выразаем тое, што намалявалі маркерам, і ліхтар Джэка гатовы. Яго можна ўпрыгожыць, а можна пакінуць так – ён ужо і так сапраўдны сімвал Гэлаўіна.
Крок 6.

Ставім у ліхтар свечку (сапраўдную ці святлодыёдную) і запальваем яе.
Зычым вам цікавага і вясёлага (і мо крыху страшнага) Гэлаўіна!
Ганна Ганчар belsat.eu