Польшча будзе дамагацца ўвядзення ў Еўразвязе 30% мыта на імпарт угнаенняў з Беларусі і Расеі, паведамляе РАР.
Міністэрства дзяржаўнай маёмасці Польшчы звярнулася ў Міністэрства развіцця і тэхналогіяў, каб яно распачало дыпламатычныя дзеянні ў кірунку ўвядзення мыта.
Намеснік міністра дзяржаўных актываў Яцэк Бартміньскі зазначае, што рост імпарту ўгнаенняў з-за межаў Еўразвязу істотна ўплывае на кошты, і адпаведна адмоўна – на фінансавыя вынікі польскага канцэрну «Grupa Azoty», а таксама спрыяе значнаму зніжэнню канкурэнтаздольнасці польскіх вытворцаў угнаенняў і можа прывесці да неабходнасці абмежавання вытворчасці польскіх заводаў.
,,«Неабходна прыняць рашучыя дзеянні як на нацыянальным узроўні, так і на ўзроўні ЕЗ для ўводу механізмаў, якія дазволяць спыніць прыток расейскіх угнаенняў і далейшую залежнасць эканомікаў краінаў-сябраў ЕЗ ад іх паставак», – кажа Бартміньскі.
У першай палове 2024 года чыстая страта польскага канцэрну «Grupa Azoty» склала каля 186 мільёнаў долараў,.
Паводле Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы, за першыя сем месяцаў 2024 года імпарт угнаенняў з Беларусі ў Польшчу перавысіў 185,5 тысяч тон. Летась за такі ж перыяд аб’ём імпарту складаў больш за 13,4 тысяч тон. Імпарт угнаенняў з Расеі сёлета вырас да больш чым 721,5 тысяч тон (у 2023 годзе аб’ём складаў 246,7 тысяч тон).
У канцэрне «Grupa Azoty» лічаць, што рост імпарту з Расеі і Беларусі азначае, што Еўразвяз становіцца залежным ад угнаенняў з гэтых краінаў. Таксама ў кампаніі зазначаюць, што Беларусь і Расея вырабляюць угнаенні з меншымі выдаткамі на газ і не плацяць пошліны на вугляродныя выкіды ў рамках механізму ETS, які абавязвае еўрапейскіх вытворцаў.
Пад санкцыямі ЕЗ знаходзяцца «Беларуськалій», «Беларуская калійная кампанія», «Горадня Азот». Санкцыі не закранулі «Гомельскі хімзавод», які таксама вырабляе ўгнаенні. Таксама санкцыйныя абмежаванні не распаўсюджваюцца на азотныя і фосфарныя ўгнаенні.
Беларусь па выніках першых шасці месяцаў 2024 года выйшла на трэцяе месца паводле аб’ёму паставак у Польшчу азотных угнаенняў, саступаючы Расеі і Нямеччыне.
Беларускія камбінаваныя ўгнаенні за гэты ж перыяд занялі шостую пазыцыю на польскім рынку, саступіўшы Марока, Расеі, Фінляндыі, Нідэрляндам і Літве, але апярэдзіўшы Нарвегію.
Сярод буйнейшых пастаўшчыкоў калійных угнаенняў у Польшчу Беларусі няма, што можа тлумачыцца дзеяннем санкцыяў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu