Курляндскі раённы суд у Вэнтспілсе абвесціў у вышук пракрамлёўскага журналіста, грамадзяніна Латвіі Юрыя Аляксеева, паведамляе LETA. Надоечы ён напісаў у Facebook, што знаходзіцца ў Беларусі, дзе мае намер прасіць палітычнага прытулку.
Латышскае выданне паведамляе, што 28 кастрычніка Юрый Аляксееў не з’явіўся на судовае паседжанне ў працэсе, у якім ён мае статус падсуднага. Суддзя прызнаў няяўку неабгрунтаванай і вынес пастанову аб прымяненні меры працэсуальнага прымусу. Разгляд справы адкладзены да 4 лістапада.
Аляксееў на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў, што 26 кастрычніка пакінуў Латвію і накіраваўся ў Беларусь, дзе плануе прасіць палітычнага прытулку.
,,«У "свабодным Еўразвязе" мне ўжо ў аўторак свяціў год і два месяцы турмы, а потым яшчэ мінімум плюс 7–8 гадоў паводле другой справы за "нанясенне шкоды Латвійскай Рэспубліцы групай асобаў паводле папярэдняй змовы, тэрмін ад 5 да 15 гадоў"… Ага, менавіта так гучыць мой артыкул. Заўтра пайду здавацца ў беларускую міліцыю. Прасіць палітычнага прытулку», – распавёў у сацсетцы прарасейскі журналіст.
Рыжскі суд прысудзіў Аляксеева да двух гадоў пазбаўлення волі і аднаго года выпрабавальнага тэрміну за распальванне варожасці, незаконнае захоўванне боепрыпасаў да агнястрэльнай зброі і распаўсюд дзіцячай парнаграфіі. Пасля апеляцыі тэрмін быў скарочаны да года і аднаго месяца.
Паводле версіі Аляксеева, яго асудзілі за каментары, якіх ён не пісаў, а дзіцячай парнаграфіяй следства палічыла сямейныя фотаздымкі.
Пяць гадоў таму супраць Аляксеева была заведзеная яшчэ адна справа – за «стварэнне пагрозы нацыянальнай бяспецы Латвіі, здзейсненае групай асабоў па папярэдняй змове». Прычынаю сталіся публікацыі на сайце imhoclub.lv, які заснаваў Аляксееў.
Латышская пракуратура раней паведамляла, што сапраўднымі мэтамі гэтага сайту былі інфармацыйнае ўздзеянне ў Латвіі, стварэнне кантэнту, звязанага з распаўсюдам прапаганды і дэзынфармацыі, умацаванне ўплыву Расеі ў Латвіі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu