Беларусам відавочна палюбіўся Гэлаўін: ці то спадабалася амерыканская традыцыя, ці то ў падсвядомасці была запісаная свая ў нечым падобная традыцыя, падзабытая за Саветамі. Як кажуць, «Гэлаўін? Вы яшчэ нашыя Каляды не бачылі!»
Гэлаўін – свята родам з Шатландыі і з каранямі ў кельцкім паганстве. Спачатку ў ноч перад Днём усіх святых шатландскія дзеці хадзілі па дамах у строях і выпрошвалі цукеркі, але не спрабавалі напужаць тых, да каго завітвалі. У першай палове XX стагоддзя ў ЗША свята трансфармавалася, да яго масава далучыліся дарослыя рознага паходжання – і з часам Гэлаўін стаў асацыявацца найперш з жудзікамі.
У Беларусі да нядаўняга часу такой традыцыі не было. Але ёсць іншыя святы, на якія беларусы здаўна ладзілі яскравыя абрады, а адразу пасля Дня ўсіх святых – або кельцкага Самайну – беларусы маюць свой асаблівы дзень, звязаны з памерлымі. «Белсат» паразмаўляў пра беларускія абрады з папулярызатаркай беларускай культуры Марыяй Грыц.

Дзяды – не зусім Гэлаўін па-беларуску
Марыя Грыц згадвае амерыканскі мультфільм «Таямніца Кока» 2017 года: там мексіканскі хлопчык выпраўляецца ў Краіну мёртвых, і робіць гэта на мексіканскі Дзень памерлых, які адзначаюць 1–2 лістапада. Таксама і ў Беларусі галоўны дзень памяці памерлых – 2 лістапада. У Беларусі ёсць шмат датаў, звязаных з Дзядамі (ёсць нават асобная жаночая версія: Бабы, наступны за Дзядамі памінальны дзень), але найбольш распаўсюдзіўся гэты абрад у дату каталіцкага Дня ўшанавання памерлых, на Восеньскія Дзяды.
,,«Для мяне самае вялікае дзіва, як у розных месцах свету людзі вырашылі, што ў пэўныя дні яны будуць камунікаваць з памерлымі, – заўважае яна. – Гэлаўін – гэта таксама камунікацыя з памерлымі. Не такая прыязная, як у нас, але сутнасць такая ж: людзі з таго свету прыходзяць да цябе з нейкім запытам. Мы нашых дзядоў вітаем і частуем, тыя іх адпужваюць і кленчаць цукеркі».
Марыі падабаюцца традыцыі, звязаныя з хаджэннем па хатах і выбудоўваннем гарызантальных сувязяў. Але беларускія Дзяды – з іншай філасофіяй. На Гэлаўін трэба пужаць злыя сілы, каб не чапалі. На Дзяды трэба адчыняць дзверы і вокны, казаць адмысловыя словы запрашэння Дзядоў, пакідаць ежу паводле розных абрадаў або аддаваць птушкам, каб звязалі наш свет са светам памерлых…У адрозненне ад Радаўніцы, на Дзяды шмат дзе не ідуць на могілкі, а ціха памінаюць продкаў удома (хоць на Палессі, бывае, ідуць на могілкі і цэлыя сталы памерлым накрываюць). Менскія шэсці на Дзяды – адносна новая традыцыя, з’явілася толькі ў 1988 годзе.

Калі Марыя пераехала ў Польшчу, то думала, што там пабачыць, «як правільна Дзяды адзначаць». Але аказалася, што ў каталіцкай Польшчы амаль не засталося такога абраду з язычніцкімі каранямі – чытаюць «Дзяды» Адама Міцкевіча і думаюць, што ён нешта выдумаў, таму ў школах нават робяць уводны ўрок пра абрад перад чытаннем кнігі. У Марыі ж гэта ці не самы любімы абрад: згадвае, што як аказалася ў эміграцыі, першым чынам прасіла ў сваякоў фота памерлых продкаў, бо трэба ж накрываць на стол, зваць да сябе.
Каляды – для аматараў карнавалу
«Гэлаўін? Вы яшчэ нашыя Каляды не бачылі» – мэм з такім подпісам і карцінкай ніжэй з’явіўся каля 10 гадоў таму. Ды на ім, магчыма, не беларускія ці ўкраінскія Каляды, а ўсё ж Гэлаўін.

Выява, падобна, прыйшла ў Беларусь з Рунэту, а ў Рунэт – з англамоўнай прасторы. Найранейшае яго выкарыстанне – на старонцы ў MySpace ірландскага музыкі Кэтала Роджэрса, якія выступае пад псеўданімам Wereju. «Белсат» выслаў Роджэрсу пытанні аб паходжанні здымка, але на момант публікацыі не атрымаў адказу.
Ды на Каляды беларусы сапраўды ўбіраюцца ў пэўныя абрадавыя строі, хіба не такія страшныя.

Найчасцей – у Казу, Дзеда і Бабу, у залежнасці ад мясцовасці таксама ў Тура, Бусла, Зайца, Мядзведзя, Чорта, Цыгана, Салдата і іншых персанажаў. Калядоўнікі хадзілі па хатах, спявалі, гралі на дудзе, танчылі і разыгрывалі сцэнкі перад гаспадарамі, а тыя мусілі пачаставаць калядоўнікаў, іначай год шчасця і дабрабыту не будзе. Каб ахвотней частавалі, могуць паказаць: вось Каза памірае, яе трэба салам ажывіць! А калі ўвогуле не частавалі і не адчынялі, то яны маглі і нашкодзіць, засцерагае Марыя. Маглі падперці дзверы ў хату, напаскудзіць у калодзеж і што заўгодна яшчэ.
Каляды, заўважае Марыя, не звязаныя з памерлымі, але ў гэты час таксама, кажуць, адкрываюцца нябёсы – у Калядах шмат звязана з продкамі. І на Каляды, як на Гэлаўін ці на старажытнарымскія сатурналіі, можна «падурэць», бо ў масцы можаш быць не тым, кім ёсць у штодзённым жыцці. Хтосьці, згадвае Марыя, лічыць нават, што калі пасля на Вадохрышча залезці ў ледзяную ваду, дык з цябе змыецца тое, што на Каляды нарабіў паганскага. Суразмоўца ўсміхаецца: уяўляе, якімі б вачыма Хрыстос паглядзеў на такую ідэю.
Ды формы калядавання ў беларусаў розныя. Марыя пераехала на Падляшша і не паразумелася з адным з прадстаўнікоў беларускай меншасці. Там не прынята «адрывацца» на Каляды: нават не заходзяць у хаты, проста спяваюць песні, цешацца нараджэнню Хрыста, атрымліваюць ці не атрымліваюць пачастунак – і ідуць далей. Марыя не зразумела: «А як жа каза каб павалялася, каб сала табе далі? Каб заспяваць з гаспадаром, патанцаваць, дабраславіць хату на новае лета, а то і сесці выпіць з гаспадаром… Сінергіі вось гэтай няма!». Марыя ўдакладняе: ейная кампанія калядоўнікаў загадзя просіць усіх гаспадароў, каб не клікалі за стол і не налівалі, але за тры гады яшчэ не атрымлівалася сысці з хаты, не пачаставаўшыся і не выпіўшы, бо запрашаюць часам вельмі настойліва.
Масленіца – самае вясёлае свята
«Традыцыі ў кожнага свае, – змірылася Марыя. – Але гэтыя традыцыі, мне падаецца, вельмі класная падпорка для людзей! Асабліва ў цяперашнія часы, калі мы не можам ні на што абаперціся, бо ўсё тваё майно – гэта што можаш у заплечнік пакласці і з’ехаць. Калі людзі максімальна не могуць быць упэўненыя ў чымсьці, калі мне падаецца, што ўжо і сарай, і хата згарэлі… Я ўзгадваю, як калі пачалася вайна ва Украіне, а мы перайшлі мяжу з Польшчай, я на Масленіцу рабіла бліны. І мяне гэта так супакоіла! Людзі могуць вар’яцець як заўгодна, але час Масленкі – трэба есці блінчыкі».
,,«Замест таго, каб гараваць пра сваю долю, мы з іншымі ўцекачамі расчынілі цеста, нехта пайшоў па сочыва, нехта мяшаў росчыну, нехта пёк, нехта еў – усе заняліся стваральнай справай. Так, бліны не спыняць танкі, але супольная смачная вячэра можа выратаваць дах асобна ўзятага чалавека».

Масленіца (або Масленка) лічыцца ў Беларусі ці не самым вясёлым народным святам, бо людзі намагаліся ў апошні тыдзень перад Вялікім пастом «наесціся на 40 дзён наперад, а таксама пасмяяцца, пажартаваць і падурэць». Самыя вядомыя атрыбуты Масленіцы – бліны і спальванне пудзіла Масленіцы, але ёсць і мноства іншых абрадаў, бальшыня з якіх, праўда, згубілася за савецкі час. Марыя за тое, каб абрады адраджаліся, ды заклікае пазбягаць «шараваршчыны» – усоўвання ў беларускія традыцыі часткі савецкай культуры.
Купалле – ці не самы папулярны беларускі абрад
Скокі праз вогнішча, варажба, пляценне вянкоў, купанне ў рэчцы ці возеры, шуканне Папараць-кветкі, мноства песень… Падобна, Купалле ў беларусаў дагэтуль куды папулярнейшае за «поп-культурны» Гэлаўін.
Ва ўсім свеце за аграрнымі часамі адзначалі нешта падобнае да беларускага Купалля, а ў некаторых народаў дык толькі з летняга сонцастаяння і пачынаецца лета. Марыя згадвае, як ездзіла ў Данію ладзіць Купалле для беларускай дыяспары – там беларускае Купалле яшчэ не ладзілі, хоць датчане маюць свае падобныя традыцыі на Sankt Hans Aften. Зачапіла нават датчан, якія былі гасцямі свята: дацкія беларусы спявалі купальскія песні, а датчане падпявалі «То-то-то», потым аж вырашылі арганізаваць свой гурт і так жа выправіцца ў турнэ па Даніі. Так жа і калядаванне, бывае, «зацягвае» нават тых, хто беларускімі традыцыямі не надта цікавіцца.

Паганскае Купалле ў Беларусі суседнічае з хрысціянскім святам раства Святога Яна: як у народнай песні, «Сёння Купала, а заўтра Ян». Радаўніца, Дзяды ці Купалле – святары звычайна не супраць гэтых традыцыяў з паганскімі каранямі. Свята цяпер адзначаюць нават тройчы праз сувязь з хрысціянскім святам і розніцай між грыгарыянскім і юліянскім календарамі: Купалле на сонцаварот 21 чэрвеня, «па-каталіцку» ў ноч на 24 чэрвеня і «па-праваслаўнаму» ў ноч на 7 ліпеня. Пра язычніцкае свята так і жартуюць: апошняя дата – «праваслаўнае Купалле».
Ды Марыя наракае: рэгіянальныя святы часам апынаюцца пад вялікай пагрозай праз хрысціянскіх святароў. Кажа, у адной вёсцы некалькі гадоў таму праваслаўны святар, якога заслалі з Малдовы, пагражаў бабулям: хто пойдзе на Пахаванне стралы, тых не будзе адпяваць. Хоць абрад апісаны і запісаны, без жывых носьбітаў ён – толькі старонкі ў кніжцы.
Дажынкі – не толькі белдзяржкрынж
Таксама па ўсім свеце ёсць свята ўраджаю. Толькі ў Беларусі, наракае Марыя Грыц, старадаўняя традыцыя Зажынак і Дажынак была спачатку забароненая Саветамі, а потым спачвараная лукашэнкаўскімі ўладамі. Тое, што цяпер робіцца на фестывалі «Дажынкі», аматары адраджэння беларускіх традыцыяў не любяць. Ці тое Польшча, дзе Дажынкі – сапраўды народнае свята, звязанае з ураджаем.
Каб не асацыявацца з дзяржаўным «агратрэшам», аматары традыцыяў узялі больш рэгіянальнае свята, таксама звязанае з ураджаем: Багач. Праз дзяржаўныя «Дажынкі» ўтваралася «дзірка» ў абрадавым коле, з Багачом жа, кажа Марыя, кола замкнулася. Што праўда, і на Дажынкі ў беларусаў хапала традыцыяў і абрадаў, не звязаных з сучаснай дзяржавай.

…і шмат чаго яшчэ!
У беларусаў хапае і вялікіх, і невялікіх святаў. Марыя Грыц згадвае таксама Гуканне вясны, Грамніцы (Стрэчанне), Сёмуху, Камаедзіцу… Пра беларускія абрады пішуць цэлыя кнігі (напрыклад, такую) і складаюць вялізныя базы звестак (напрыклад, такую). Ды многія традыцыі засталіся толькі ў асяроддзі этнографаў.
Ці рабіць народныя абрады больш «папсовымі», як то намагаюцца зрабіць ва Украіне? Пра гэта, кажа Марыя Грыц, нярэдка спрачаюцца: адны хочуць зрабіць максімальна нізкі «парог уваходу ў традыцыю», іншыя хочуць захоўваць традыцыі максімальна аўтэнтычнымі. Яна выступае за першы варыянт:
,,«Лепш хоць шчочкай дакрануцца да традыцыяў, чым стаяць у старонцы і думаць кшталту: „Я не буду говорить по-беларусски, чтобы не портить великий беларусский язык своей трасянкой“».
Марыя лічыць, што абрады ў беларусаў маюць быць як «шоў» у спецыяльныя дні, так і ў штодзённасці і на аўтаматызме: прыйшоў час Калядаў – трэба наслаць сена пад абрус, каб праверыць, ці дастанеш даўгую травіну і ці будзе табе шчасце. І каб на беларускім «Куфары», як на польскім «Allegro», можна было купіць саломку для пляцення, а не хадзіць драць па палях. Яна згадвае, як зрабіла міні-марафон пляцення павукоў – справай натхнілася адна дзяўчына ў Ізраілі, другая ў Казахстане, трэцяя ў Сербіі, чацвёртая ў Англіі, пятая аж у Паўднёвай Амерыцы… Апошняй, праўда, давялося плесці не з саломы, а з кактэйльных трубачак.
Агулам Марыя хоча давесці, што «беларуская культура – не толькі пра горкую долю», а можа быць прывабнай і весяліць, заводзіць, калі ёй даць імпульс.
Алесь Наваборскі belsat.eu