У панядзелак Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную аўтамабільным дарогам Беларусі, і проста фантанаваў ідэямі. Менавіта там і прагучала патрабаванне пабудаваць наземнае метро да Смалявічаў.
Падчас нарады з нагоды метро ў Смалявічы наш галоўны дарожнік заявіў пра струнныя тэхналогіі. Гэтай аферы ўжо больш за 20 гадоў. Нейкі нібыта вынаходнік яшчэ савецкага разліву Анатоль Юніцкі ўжо некалькі дзесяцігоддзяў пераконвае, што ён, як Ілан Маск, здольны змяніць усю транспартавую сістэму свету за кошт таго, што звыклыя на горных курортах фунікулёры можа разагнаць да пяцісот кіламетраў за гадзіну.
Ідэя крыху больш складаная, але сутнасць менавіта ў гэтым. За гэтыя дзесяцігоддзі яго лавілі на прамой хлусні і дасканалай антынавуковасці неаднаразова. І тым не менш гэта не перашкаджае яму прыцягваць грошы ў ягоную кампанію адкрыта ашуканскім спосабам.
Гэта фінансавая піраміда, якая абяцае тысячы адсоткаў прыбытку, але калі-небудзь потым, калі свет здолее зразумець геніяльнасць праекту. І, больш за тое, на сайце кампаніі, што прываблівае грошы непісьменных укладчыкаў у «струнныя тэхналогіі», ёсць адрас, які павінен быў бы спужаць: Брытанскія Віргінскія астравы, самая чорная з афшорных зонаў, і побач значок – Акадэмія навук Рэспублікі Беларусь.
І туды магістрантаў возяць, з універсітэту Акадэміі навук, і нават міжгалактычныя канферэнцыі праводзяць. Той вынаходнік сядзець павінен быў бы, пацярпелых – не адна тысяча, але вось. Перспектыўная тэхналогія.
Глядзіце ў поўным выданні «Атмасферы» з Аляксандрам Кныровічам:
- Лукашэнка вяршыць лёсамі сусветнай палітыкі на саміце BRICS, куды яго ніхто не клікаў.
- Сілавікі знішчылі адну са старэйшых моўных школаў.
- Сярэдні заробак усё яшчэ не дацягвае да абяцаных амаль дваццаць гадоў таму пяцісот долараў.