Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі не прызнала вынікаў выбараў і заклікала да пратэстаў, апазіцыя адмаўляецца ўваходзіць у парламент.
Паводле словаў грузінскай прэзідэнткі, выбары былі «татальнаю фальсіфікацыяй» на карысць партыі «Грузінская мара».
«Гэта была татальная фальсіфікацыя і канфіскацыя вашых галасоў. Выкарыстоўваліся ўсе метады, якія мы бачылі ў розных краінах», – цытуе Саламэ Зурабішвілі «Deutsche Welle».
Зурабішвілі таксама заявіла пра непрызнанне вынікаў выбараў і адзначыла, што грузіны сталіся «сведкамі і ахвярамі расейскай аперацыі, адной з новых формаў гібрыднай вайны» супраць грузінскага народу.
,,«Я не прызнаю гэтых выбараў. Гэтыя выбары не могуць быць прызнаныя. Гэта тое ж, што прызнаць прыход сюды Расеі, падпарадкаванне Грузіі Расеі», – сказала Зурабішвілі падчас брыфінгу ўвечары ў нядзелю.
Заяву Саламэ Зурабішвілі зрабіла пасля кансультацыяў з асноўнымі апазіцыйнымі партыямі.
Некаторыя партыі, што набралі неабходную колькасць галасоў, каб прайсці ў парламент, адмовіліся атрымліваць мандаты.
Гэтак, кіраўніца «Адзінства – Нацыянальны рух» Тына Бокучава заявіла, што не прызнае вынікаў выбараў і не мае намеру ўваходзіць у парламент.
Пра гэта ж заявіла Кааліцыя за перамены, якая набрала больш за 10 % галасоў выбарнікаў. Паводле заяваў яе прадстаўнікоў, агучаных у акаўнце сацсеткі Х, «выбары былі расейскаю спецаперацыяй у Грузіі», якая ў значнай ступені абапіралася на тэхналогіі.
У панядзелак увечары грузінская апазіцыя збіраецца правесці мітынг на праспекце Руставэлі ў Тбілісе, дзе месціцца парламент краіны.
Нагадаем, што 26 кастрычніка ў Грузіі прайшлі парламенцкія выбары, узялі ўдзел 18 партыяў.
Кіроўная «Грузінская мара» набрала 53,9 % галасоў, у парламент прайшлі яшчэ 4 апазіцыйныя партыі: Кааліцыя за перамены, «Адзінства – нацыянальны рух», «Моцная Грузія», «Гахарыя – за Грузію», але сукупная колькасць галасоў, якія яны набралі, не дазволіць ім атрымаць парламенцкай большасці.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Раман Шавель belsat.eu