навіны

«Я баюся за ейнае жыццё». Сястра Марыі Калеснікавай расказала пра здароўе палітзняволенай

img
Марыя Калеснікава. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Таццяна Хоміч адзначыла, што «ўсяму ёсць межы», і Марыя можа не вытрымаць умоваў за кратамі.

Сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч у выпуску праекту «ТОК | TALK» паведаміла, што пасля аперацыі праз прабадную язву ў лістападзе 2022 года палітзняволеную адзін раз вазілі ў гарадскі шпіталь у Гомлі, і невядома, з чым гэта было звязана:


«Мы не ведаем падрабязнасцяў, гэта было нейкае абследаванне або зноў была нейкая крытычная сітуацыя. Дакладна можна сказаць, што язва, канешне, утрыманне ў турме вельмі моцна падарвала ейнае здароўе».


Хоміч канстатавала, што ў Марыі ніколі не было праблемаў са страўнікам, «а цяпер яна важыць 45 кілаграмаў», бо не можа з увагі на свой стан ужываць турэмныя харчы і фактычна галадае:


«Шмат чаго, што там ёсць, яна не можа есці, таму што ежа даволі грубая, простая, і каб зрабіць яе больш каларыйнай, туды дадаюць камбітлушч. Там даюць невялікую колькасць мяса, рыбы, аднак гэтага недастаткова».


Таццяна Хоміч з роспаччу адзначыла, што Калеснікава можа не вытрымаць:

,,

«Зараз я проста баюся за ейнае жыццё, таму што ўсяму ёсць межы, і ўмовы такія... Сказаць, што вельмі цяжкія, – нічога не сказаць. І зараз ізаляцыя, інкамунікада. Мне складана ўявіць, як ёй там».


Палітзняволенай ствараюць невыносныя ўмовы, часта кідаюць у штрафны ізалятар, а там вельмі холадна:


«Я з жахам думаю пра наступную зіму, бо мы ведаем, што Машу перыядычна змяшчаюць у ШІЗА паміж тэрмінамі ў ПКТ».


Хоміч таксама баіцца, што Марыя развучыцца размаўляць: нешта падобнае здарылася з расейскім апазіцыянерам Уладзімірам Кара-Мурзой, якога вызвалілі ў выніку абмену з Захадам. У адным з інтэрв’ю ён казаў, што яму цяжка размаўляць.

Таццяна Хоміч і Марыя Калеснікава. Фота: асабісты архіў Таццяны Хоміч / «Наша Ніва»
Таццяна Хоміч і Марыя Калеснікава. Фота: асабісты архіў Таццяны Хоміч / «Наша Ніва»

«Гэта сапраўды вялікая праблема, што будзе далей. Гэта ўсё-ткі ўплывае на кагнітыўныя здольнасці. І ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах больш жорсткія, чымся ў расейскіх: у расейскіх не было такой поўнай ізаляцыі», – падкрэсліла Таццяна Хоміч.


Рэжым інкамунікада, у якім трымаюць шмат якіх палітвязняў, яна тлумачыць жаданнем зламаць людзей:

,,

«Маша пыталася пра лісты і перадачы ў дзяжурнага, які робіць абыход раніцамі, ён ёй так і сказаў: пра вас усе забыліся. Думаю, што часткова гэта, можа быць, і праўда».


Марыя Калеснікава і Таццяна Хоміч. Фота: Tatsiana Khomich / Facebook

«Забіваюць голадам». Сястра Калеснікавай просіць для палітзняволенай доступ да неабходнай ежы

навіны

У інтэрв’ю Таццяна Хоміч таксама пракаментавала закіды палітыка Зянона Пазняка, які назваў Калеснікаву «штучна і з палітычным ухілам раздзьмутай асобай» з атачэння Віктара Бабарыкі, якая «адзначылася інфантыльнымі паводзінамі і недалёкімі казаннямі». Хоміч упэўненая, што зараз ад такіх абвінавачванняў на адрас зняволеных варта ўстрымацца, бо ў іх няма магчымасці адказаць. Яна мяркуе, што беларусы, якія былі сведкамі падзеяў у Беларусі ў 2020 годзе, не могуць пагадзіцца з Пазняком:


«Мне падаецца, што для тых, хто быў у Беларусі ў 2020-м, яны дакладна разумеюць, што гэта не так. Часам мне здаецца, што за гады ў людзей крыху змяняецца памяць, так, перапісванне гісторыі. Часам бачу ў дыяспары сярод людзей, якія вельмі даўно жывуць за мяжою, вось гэтага неразумення сітуацыі, што ж было ў 2020-м, з чаго ўсё пачыналася».


Марыя Калеснікава адбывае 11-гадовы тэрмін, прызначаны суддзёю Менскага абласнога суда Сяргеем Епіхавым. Кіраўніцу выбарчага штабу Віктара Бабарыкі абвінавацілі ў «закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», «змове з мэтаю захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10