У прыгарадзе Тэль-Авіву каля базы «Глілёт» цяжкавік урэзаўся ў аўтобусны прыпынак, на якім было шмат людзей. У выніку трагедыі каля 35 чалавек дастаўленыя ў шпіталі, з іх шасцёра ў цяжкім стане.
Паводле першапачатковага расследавання паліцыі, прыпынак, на які пад’ехаў аўтобус для высадкі пасажыраў, пратараніў грузавік.
Кіроўца грузавіка – ізраільскі араб, жыхар Калансуа. Ён быў застрэлены ў кабіне аўтамабіля ўзброенымі грамадзянскімі асобамі, якія знаходзіліся непадалёк.
Ізраільскія СМІ паведамляюць, што шмат хто з пацярпелых – гэта пажылыя людзі, якія выйшлі з аўтобуса для наведвання музею, што знаходзіцца непадалёк.
Паводле апошніх паведамленняў, 35 пацярпелых былі дастаўленыя ў лякарні, шасцёра з іх у цяжкім стане, пяцёра ў стане сярэдняй цяжкасці, 20 чалавек атрымалі лёгкія траўмы.
Стан аднаго з пацярпелых ацэньваецца як вельмі цяжкі, ягонае жыццё знаходзіцца ў небяспецы, урачы змагаюцца за яго ў аперацыйнай.
Ізраільская паліцыя разглядае версію тэракту.
Раман Шавель belsat.eu