Сталася вядома пра затрыманне сужэнцаў-мастакоў Людмілы Шчамялёвай і Ігара Рымашэўскага.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», іх затрымалі яшчэ два тыдні таму і яны дагэтуль не выйшлі на волю.
У чым дакладна абвінавачваюць Людмілу Шчамялёву і Ігара Рымашэўскага, невядома.
64-гадовая Людміла Шчамялёва – дачка народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва, яна сябра Саюзу мастакоў Рэспублікі Беларусь, працуе ў стылі наіўнага мастацтва. Ейныя працы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у нямецкай галерэі «Webkunsthaus», а таксама ў прыватных калекцыях у Злучаных Штатах і іншых краінах.

Ігар Рымашэўскі – беларускі мастак, які працуе ў галіне жывапісу, манументальнага мастацтва, графікі. Як і жонка, ён спецыялізуецца на стылі «наіў». Ягоныя творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у нямецкай галерэі «Webkunsthaus», у швейцарскіх галерэях «Schaer» і «Wildbolc», а таксама ў прыватных калекцыях у Англіі, Аўстраліі, Нямеччыне, Францыі ды іншых краінах.

У працах мастакоў знаходзілі адлюстраванне падзеі беларускай сучаснасці: сярод іх тэмы каронавіруса, самаізаляцыі, народных выступленняў падчас пратэстаў 2020 года.
Раман Шавель belsat.eu