навіны

У выніку ізраільскіх удараў Іран не зможа вырабляць балістычныя ракеты цягам года

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: armiya.az
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: armiya.az
podpis źródła zdjęcia

Уначы 26 кастрычніка Ізраіль нанёс па Ірану ўдар, у выніку якога выведзены з ладу найважнейшы кампанент іранскай праграмы па вытворачасці балістычных ракет.

Знішчэнне абстаялявання наносіць сур’ёзны ўрон па здольнасці Ірана вырабляць новыя балістычныя ракеты, паведамілі тры крыніцы ў Ізраілі выданню Axios.

Пашкоджаным кампанентам з’яўляюцца «планетарныя змешвальнікі», якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці цвёрдага паліва для балістычных ракет. Гэта высокатэхналагічнае абсталяванне, вырабіць якое Іран самастойна не ў стане і вымушаны закупаць у Кітаі. Узнаўленне гэтага абсталявання можа заняць не меней за год.

Ізраільскія крыніцы сцвярджаюць, што немагчымасць папаўняць запасы ракет у першую чаргу можа абмежаваць здольнасці Ірану забяспечваць сваіх хаўруснікаў – у першую чаргу гаворка вядзецца пра групоўку «Хезбала» і хусітаў. 

Акрамя пашкоджанага абсталявання падчас ізраільскага ўдару былі выведзеныя з ладу чатыры батарэі СПА С-300, якія абаранялі Тэгеран, а таксама іранскія ядравыя аб’екты.

Удары па тэрыторыі Ірана наносіліся з паветранай прасторы Сірыі і Ірака, а некаторыя – непадалёк іракска-іранскай мяжы.

Паводле інфармацыі выдання, ВПС Ізраіля таксама атакавалі завод па вытворчасці беспілотнікаў.

Нагадаем, што 26 кастрычніка ізраільская армія нанесла «кропкавыя ўдары» па вайсковых аб’ектах у Іране – ракетных заводах і комплексах класу «зямля – паветра». Аперацыя атрымала назву «Дні пакаяння» за абстрэл, які 1 кастрычніка зладзіў Тэгеран па тэрыторыі Ізраілю, выпусціўшы каля 200 балістычных ракетаў.

Авіяўдары наносіліся больш як сотняю знішчальнікаў, сярод якіх былі ў тым ліку F-35. Паведамлялася, што пад абстрэл трапілі некалькі вайсковых базаў у ваколіцах Тэгерану і камандны пункт Корпусу вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі. Паводле інфармацыі Цагалю, ізраільскія жаўнеры падчас аперацыі не пацярпелі.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10