навіны

У Грузіі завершыліся парламенцкія выбары, ідзе падлік галасоў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: civil.ge
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: civil.ge
podpis źródła zdjęcia

У Грузіі зачыніліся выбарчыя ўчасткі, пачаўся падлік галасоў. Дадзеныя экзітполаў адрозніваюцца: паводле адных, перамагла кіроўная партыя «Грузінская мара», паводле іншых – кааліцыя апазіцыі. 

Прыхільнікі кіруючай партыі «Грузінская мара» прысутнічаюць на заключным перадвыбарным мітынгу партыі перад парламенцкімі выбарамі, якія адбудуцца 26 кастрычніка. Тбілісі, Грузія. 23 кастрычніка 2024 года. Фота: Giorgi Arjevanidze / AFP / East News

«Грузінам давядзецца абіраць не ўрад, а лёс краіны». Што трэба ведаць пра выбары ў Грузіі

Аналітыка

Па выніках апрацоўкі амаль 70 % бюлетэняў, кіроўная партыя «Грузінская мара» набірае 52,94 % галасоў, паведаміў Цэнтрвыбаркам краіны.

Яўка, паводле папярэдніх звестак, склала 58,94%, агулам прагаласавалі 2 060 412 чалавек. ЦВК прызнаў, што выбары адбыліся.

У Тбілісі можна заўважыць салюты, якія запускаюць прыхільнікі праўладнай партыі «Грузінская мара».

Экзітполы, якія з’яўляліся раней, давалі супярэчлівыя дадзеныя, якія адрозніваліся ў залежнасці ад таго, што за медыя іх публікуе. Так, блізкі да грузінскіх уладаў тэлеканал «Imedi» напісаў, што «Грузінская мара» мае 56,1 % галасоў, «Кааліцыя перамен» – 12,6%, «Адзінства – нацыянальны рух» – 11,6%, а «Моцная Грузія» – 7 %.

Згодна з версіяй апазіцыйнага канала «Mtavari», усё выглядае інакш: «Грузінская мара» – 42%, «Кааліцыя перамен» – 18%, «Адзінства – нацыянальны рух» – 13%, «Моцная Грузія» – 9%, «Гахарыя – За Грузію» – 8%.

Паводле апазіцыі, яна выйграла выбары. Прэзідэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі напісала, што ўпэўненая ў перамозе апазіцыі.

«Еўрапейская Грузія» перамагае з 52% галасоў, пры спробе фальсіфікацыі выбараў і без галасоў дыяспары. Грузія прадэманстравала дэмакратыю, еўрапейскасць і спеласць... Я ганаруся і ўпэўненая ў нашай еўрапейскай будучыні!», – напісала яна ў сваім акаўнце сацсеткі «Х».

У той жа час паведамляецца пра адключэнне святла ў некаторых гарадах пасля заканчэння выбараў. Меракавана, гэта робіцца дзеля таго, каб фальсіфікаваць дадзеныя выбараў і прыпісаць кіроўнай партыі дадатковыя галасы.

26 кастрычніка ў Грузіі прайшлі парламенцкія выбары, якія самі грузіны называюць «лёсавызначальнымі». Фактычна грузінскае грамадства апынулася на раздарожжы паміж Еўразвязам і Расеяй.

У выбарах у парламент Грузіі, што складаецца са 150 дэпутатаў, бралі ўдзел 18 партыяў. Пройдуць тыя, якія па выніках выбараў пераадолеюць пяціадсоткавы бар’ер.

Паводле экспертаў, шансы на атрыманне дэпутацкіх мандатаў маюць толькі 5 партыяў: прарасейская кіроўная «Грузінская мара» і апазіцыйныя «Адзіны нацыянальны рух», «Кааліцыя пераменаў», «Моцная Грузія» і «За Грузію».

Агульная колькасць выбарнікаў у Грузіі – больш за 3,5 мільёна чалавек.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10