У суботу 26 кастрычніка ў Грузіі праходзяць парламенцкія выбары, пра якія грузіны кажуць «лёсавызначальныя». Грузінскае грамадства сёння выбірае не толькі парламент, але і далейшы кірунак развіцця краіны – празаходні і праеўрапейскі ці прарасейскі.
У выбарах у парламент Грузіі, што складаецца са 150 дэпутатаў, бяруць удзел 18 партыяў. Пройдуць тыя, якія па выніках выбараў пераадолеюць пяціадсоткавы бар’ер.
Паводле экспертаў, шансы на атрыманне дэпутацкіх мандатаў маюць толькі 5 партыяў: прарасейская кіроўная «Грузінская мара» і апазіцыйныя «Адзіны нацыянальны рух», «Кааліцыя пераменаў», «Моцная Грузія» і «За Грузію».
Агульная колькасць выбарнікаў у Грузіі – больш за 3,5 мільёна чалавек.
Назіральнікі адзначаюць даволі высокую яўку, вышэйшую, чым на папярэдніх выбарах. Самая нізкая яўка – у прыморскім рэгіёне Аджарыя: станам на 12:00 там прагаласавалі менш за 20 % выбарнікаў.
На адным з выбарчых участкаў была зафіксаваная спроба адначасовага ўкідання ў урну стосу бюлетэняў, што бачна на відэа, размешчаным у тэлеграм-канале Мікалая Леўшыца. Паводле гэтага факту распачатая крымінальная справа. Галасаванне на участку прыпынілі, яго вынікі анулявалі.
Тэлеграм-канал Мікалая Леўшыца распавядае пра розныя інцыдэнты і на іншых участках. У Тбілісі каля аднаго з участкаў адбылася масавая бойка.
Няўрадавая арганізацыя «Міжнародная супольнасць за сумленныя выбары і дэмакратыю» (ISFED) паведамляе пра тры выпадкі подкупу выбарнікаў, зафіксаваных за паўдня галасавання, а таксама пра нядопуск назіральнікаў на некаторых участках і некалькі выпадкаў выдачы двух бюлетэняў.
Высокая яўка назіраецца за мяжою – 67 участкаў адчыненыя ў 42 краінах свету. Хоць выбарнікаў там няшмат – 2,74 % ад агульнай колькасці.
Галасаванне працягнецца да 20:00, пасля чаго распачнецца падлік галасоў. Папярэднія вынікі абяцаюць абвясціць да 23:00.
Кіроўная ў краіне прарасейская партыя «Грузінская мара» спадзяецца атрымаць большасць галасоў на цяперашніх выбарах. Калі так здарыцца, партыя будзе лабіраваць канстытуцыйныя папраўкі, што зробяць немагчымай законную дзейнасць апазіцыі ў краіне.
Сёлета ў Грузіі быў прыняты Закон аб празрыстасці замежнага ўплыву», ці аб замежных агентах, што называюць копіяй аналагічнага расейскага. Яго прыняцце суправаджалася масавымі пратэстамі. Калі закон усё ж прынялі, былі замарожаныя перамовы аб уступленні Грузіі ў Еўразвяз. На пачатку кастрычніка парламент Грузіі прыняў яшчэ адзін спрэчны закон, што абмяжоўвае правы прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці.
Паводле шматлікіх апытанняў, 80 % грузінаў выступаюць за еўраінтэграцыю. Пры гэтым людзі адначасова хочуць і ўваходу ў ЕЗ, і вяртання Абхазіі з Паўднёвай Асеціяй. У 2021 годзе было праведзенае апытанне, якое паказала: калі давядзецца абіраць нешта адно, то больш за тры чвэрці грузінаў аддадуць перавагу аднаўленню тэрытарыяльнай цэласнасці (каля 20 % тэрыторыі Грузіі сёння акупаваныя Расеяй).
Марыя Міхалевіч belsat.eu