Ноччу з 26 на 27 кастрычніка ў краінах Еўразвязу і Украіне перавядуць стрэлкі гадзіннікаў на адну гадзіну назад.
Беларусь адмяніла перавод часу ў 2011 годзе. З 26 кастрычніка і да апошняй нядзелі сакавіка розніца ў часе паміж Менскам і Варшаваю будзе складаць дзве гадзіны, Вільняй і Кіевам – адну гадзіну.
З праведзенага сёлета ў кастрычніку апытання праз замову польскага выдання «Rzeczpospolita» вынікае, што амаль 70 % палякаў супраць змянення часу з летняга на зімовы. У 2022 годзе тых, каму не падабаецца перавод стрэлак гадзіннікаў, было 80 %.
Цягам некалькіх гадоў у Еўразвязе ідзе дыскусія пра магчымую адмену пераводу гадзіннікаў. Праведзенае Еўрапейскай камісіяй яшчэ ў 2018 годзе апытанне 4,6 мільёна чалавек паказала, што супраць змены часу выступаюць 84 % рэспандэнтаў. Тады Еўракамісія прапанавала адмовіцца ад пераводу гадзіннікаў, аднак працу над ініцыятываю прыпыніла пандэмія COVID-19. Цяпер да абмеркавання мэтазгоднасці змены часу з летняга на зімовы і назад вярнуліся зноў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu