Ізраільская армія заявіла, што нанесла «кропкавыя ўдары» па вайсковых аб’ектах у Іране – ракетных заводах і комплексах класу «зямля–паветра». Аперацыя атрымала назву «Дні пакаяння».
Авіяўдары наносіліся больш як сотняю знішчальнікаў, сярод якіх былі ў тым ліку F-35. Пад абстрэл трапілі некалькі вайсковых базаў у ваколіцах Тэгерану і камандны пункт Корпусу вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі. Паводле інфармацыі Цагалю, ізраільскія жаўнеры падчас аперацыі не пацярпелі.
Гэта першая вайсковая аперацыя на тэрыторыі Ірану, за якую ўлады Ізраілю афіцыйна ўзялі адказнасць.
Іран заявіў, што ўсе атакі былі паспяхова адбітыя, але некаторым пазіцыям была нанесеная «абмежаваная шкода».
Іранскае агенцтва «Tasnim» паведаміла са спасылкаю на крыніцу, што Іран гатовы адказаць на атаку Ізраілю. Пасля гэтага прэс-сакратар Цагалю, контр-адмірал Даніель Гагары заявіў, што «калі рэжым у Іране зробіць памылку і пачне новы віток эскалацыі», Ізраіль будзе абавязаны адказаць.
ЗША заклікалі Іран спыніць атакі на Ізраіль, каб разарваць кола баявых дзеянняў.
1 кастрычніка Тэгеран нанёс масаваны ўдар па Ізраілі, выпусціўшы каля 200 балістычных ракетаў. Атака была адказам на забойства Хасана Насралы, лідара ліванскай шыіцкай групоўкі «Хізбула», падчас ізраільскага ўдару па цэнтральным штабе «Хізбулы» ў Бэйруце.
Марыя Міхалевіч belsat.eu