Колькасць грамадзян Беларусі з дазволам на жыхарства ў Літве змяншаецца, гэта вынікае з дадзеных літоўскага Дэпартамента міграцыі.
Станам на 1 кастрычніка ў Літве пражывала 61 357 беларусаў з адпаведнымі дазволамі, што на 270 чалавек менш у параўнанні з чэрвенем і на 810 – з пачаткам года, піша «Reform.news».
Тым не менш, з 1 студзеня 2022 года колькасць беларусаў з дазволам на жыхарства амаль падвоілася: на той час дазвол на жыхарства мелі крыху больш за 31 тысячу чалавек.
Станам на 1 кастрычніка 2024 года беларусы маюць у Літве 57 436 часовых відаў на жыхарства, 3707 сталых відаў на жыхарства, 147 часовых і 67 сталых карт рэзідэнта Еўразвязу.
Нагадаем, што ў Літве ў гэтым годзе сур’ёзна паўстала пытанне аб вялікай колькасці беларусаў, якія прыязджаюць у краіну. У пачатку 2024-га дарадца літоўскага прэзідэнта адзначыў, што штогод у краіну прыязджае 17–20 тысячаў нашых суайчыннікаў, і гэта, у сваю чаргу, выклікала небяспеку ўтварэння пятай калоны ў краіне, лічаць некаторыя літоўскія палітыкі.
Раман Шавель belsat.eu